Палітолаг: Паміж ЗША і ЕС будуць рознагалоссі наконт Усходняга партнёрства

Такое меркаванне ў каментары Еўрарадыё выказаў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, сябра рады кансорцыюму "ЕўраБеларусь" Андрэй Ягораў.

Нагадаем, што кіраўнік амерыканскай праваабарончай арганізацыі Freedom House Дэвід Крэмер прапанаваў не запрашаць беларускія ўлады на віленскі саміт "Усходняга партнёрства" ў лістападзе. Ягораў ахарактарызаваў Крэмера як паслядоўнага прыхільніка жорсткай крытыкі беларускага рэжыму.

Ягораў: "Як бачыць сітуацыю кансорцыюм "ЕўраБеларусь", то мы не маем ніякіх докаў таго, што больш жорсткая палітыка да Беларусі ўплывае на сітуацыю ўнутры Беларусі і што Еўрасаюз такімі крокамі можа прымусіць беларускі рэжым да зменаў".

Ягораў ухваляе цяперашнюю пазіцыю Еўрасаюзу, які не выключае Беларусь з агульнаеўрапейскіх працэсаў, але абмяжоўвае кантакты да вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў. Уключанасць у еўрапейскія працэсы палітолаг называе неабходнай для будучага развіцця Беларусі.

Палітолаг не выключае, што Еўрасаюз і ЗША будуць спрачацца наконт краінаў "Усходняга партнёрства".

Ягораў: "Інтарэсы Еўрапейскага Саюза ў краінах суседства моцна адрозніваюцца ад інтарэсаў, якія тут ёсць у Злучаных Штатаў. Таму, натуральна, тут могуць быць і будуць разыходжанні. Але ж Злучаныя Штаты ў дадзеным выпадку не будуць настойваць на нейкіх зменах стратэгіі ЕС наконт Усходняга партнёрства, бо гэта сфера геапалітычнага ўплыву Еўрапейскага саюзу".

Фота — belsat.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі