Палітолаг пра прамову Лукашэнкі на УНС: Гэта было пераважна для прыхільнікаў

Палітолаг пра прамову Лукашэнкі на УНС: Гэта было пераважна для прыхільнікаў

Палітолаг Андрэй Казакевіч у эфіры Еўрарадыё ацаніў 4-гадзінную прамову Аляксандра Лукашэнкі на Усебеларускім народным сходзе і паразважаў пра тое, якія высновы з яе можна зрабіць.

— Такога, што можна было б пазначыць у якасці новага, [я пачуў] не шмат, — кажа Казакевіч. — Па вялікім рахунку, я не скажу, что прамова была кепская — наадварот, для свайго электарату, для людзей, якія не ў беларускім кантэксце, усё было зроблена адносна някепска: і наезды на праціўнікаў, і спроба іх маргіналізаваць, і жарты — тэхналагічна ўсё зроблена добра. Але з новага, змястоўнага — практычна нічога.

І галоўнае — у гэтай прамове не было адказаў на тыя пытанні, якія зараз хвалююць беларускае грамадства, якія прывялі да палітычнага крызісу ў мінулым годзе і якія, відавочна, будуць вельмі істотна уплываць на разгортванне гэтага палітычнага крызіса ў 2021 годзе.

На думку Андрэя Казакевіча, нягледзячы на адсутнасць новага меседжа, ігнараваць сказанае Лукашэнкам на УНС не варта.

— Слухаць такое трэба, і трэба ўважліва аналізаваць, — працягвае палітолаг. — Я не думаю, што мы зразумелі, як краіна будзе развівацца. Я думаю, што гэтага ніхто не ведае, і сам Лукашэнка не ведае. Але мы можам зразумець акцэнты, якую стратэгію ўлады будуць прасоўваць бліжэйшыя месяцы. І гэта стратэгія ігнаравання. 

Гэта стратэгія сыходзіць з таго, што яго прыхільнікаў 70-80 адсодкаў, што апаненты Лукашэнкі — маргіналы (хаця, магчыма, можна іх больш не біць), што ў прынцыпе з імі можна нават пачать размаўляць, асабліва з моладзю. Але палітычнай праблемы няма. Няма палітычнага крызісу. Старонка перагорнутая, ёсць нармальная звычайная сітуацыя, пачатак пяцігодкі. Ну а калі раптам там камусці захочацца гэтую схему зламаць — ну, яны ў прынцыпе ведаюць, на што здольныя ўлады.

Таксама, на думку Андрэя Казакевіча, у прамове бракавала “пошуку нацыянальнага прымірэння, нацыянальнага адзінства”.

— Гэтая прамова была пераважна для прыхільнікаў, — рэзюмуе палітолаг.

VI Усебеларускі народны сход праходзіць у Мінску 11-12 лютага. У сваім выступе, які доўжыўся амаль чатыры гадзіны замест адведзеных па праграме двух, беларускі кіраўнік казаў пра ўмяшанне замежнікаў у справы Беларусі, цяжкія 90-я і гэтак далей. Карацей, паўтараў тое, што беларуская ідэалагічная машына прадукавала апошнія некалькі гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі