Палкоўнік Барадач: Крок убок — расстрэл, вось гэта дэмакратыя!

130108_lukashuk_barada4.mp3

Калі апазіцыя за амаль 18 гадоў так і не здолела сама аб’яднацца, то нехта мусіць сабраць яе ў кучу, сцвярджае былы камандзір брыгады спецназа, палітуцякач Уладзімір Барадач. І прапануе сабраць "найлепшых" у Савет нацыянальнага адраджэння. Вызначаць гэтых найлепшых палкоўнік прапануе з дапамогай інтэрнет-кастынгу. Хай толькі хто адмовіцца!


Уладзімір Барадач: “Хто адмаўляецца ўдзельнічаць у гэтым галасаванні — той загадзя знішчае сябе як палітыка. Альбо — ён працуе на ўладу і з’яўляецца спадарожнікам гэтай улады”.


Патрапіць у спіс прэтэндэнтаў на ўвоходжанне ў Савет можа кожны, упэўнівае палкоўнік. Ужо зараз у спісе, які ён сам прапанаваў і які разам з Зянонам Пазняком ачоліў, звыш 20 кандыдатаў. Тыя 10-15 чалавек, якія набяруць найбольш "лайкаў", і трапяць у гэты ценявы ўрад. Яны ж простай большасцю галасоў абяруць шлях барацьбы за дэмакратыю. З якога нішто іх не прымусіць збочыць….


Уладзімір Барадач: “Мы выпрацоўваем дактрыну адзіную. Ад дактрыны, ад стратэгіі і тактыкі ніводзін чалавек ужо не адыходзіць, ніводзін лідар! Крок убок — расстрэл! Вось і ўсё. І вось гэта — дэмакратыя!”


А там ужо можна пра адзінага кандыдата ад апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года падумаць. Ну, альбо на выбарах 2020 года.


Уладзімір Барадач: “Група можа быць кандыдатаў: 5, 6, хоць 10! Але ўсе яны на апошнім этапе будуць заклікаць ад гэтага часовага пераходнага ўрада, ад Савета нацыянальнага адраджэння галасаваць за свайго адзінага, найбольш папулярнага кандыдата”.


Правесці інтэрнет-галасаванне Барадач хоча да канца сакавіка. Але пакуль няма ні грошай на рэкламу, арганізацыю і правядзенне гэтага маляўнічага шоў, ні вала заяў ад жадаючых трапіць у Савет.


Лідар кампаніі “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў не супраць, каб яго прозвішча было ў шорт-лісце гэтага інтэрнет-галасавання, але ставіцца да яго сур’ёзна не збіраецца.


Уладзімір Някляеў: “Гэта будзе ўспрынята як інтэрнет-гульня. Можа тыя, хто выйграе, і будуць даводзіць, што яны перамаглі, што іх падтрымала інтэрнет-супольнасць, а тыя, хто не перамаглі, скажуць: “Пагулялі ў гульню, а зараз давайце займацца сур’ёзнымі справамі”.


Калі па выніках галасавання яму прапануюць у ценявым урадзе нейкі партфель, то браць яго Уладзімір Някляеў не стане. А тым больш не будзе гэты Савет узначальваць.


Падобная пазіцыя і ў лідара руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча.


Аляксандр Мілінкевіч: “Гэта вайсковы падыход. Аб’яднаць людзей можна не перастаноўкай з аднаго фланга на іншы. Аб’яднаць іх можна тады, калі вызначыцца: а што нас аб’ядноўвае ў мэтах?”


Палітык катэгарычна не згодны працаваць у нейкім замежным “урадзе ў выгнанні”. І сцвярджае, што яны з калегамі з Партыі БНФ і “Гавары праўду” і без Барадача дастаткова паспяхова працуюць над аб’яднаннем напярэдадні выбараў.

Фота: Зміцер Лукашук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі