Палякі пра Беларусь: адносіны непрыязныя, але варта падтрымліваць
Польшча даволі прыязна ставіцца да беларусаў, але не давярае дзяржаве Беларусь / Еўрарадыё
Грамадскую думку наконт таго, якімі палякі бачаць сучасную Беларусь і беларусаў, даследаваў Цэнтр дыялогу імя Юльюша Мерашэўскага ў Варшаве. Для гэтага апыталі больш за 1000 палякаў рознага полу, узросту, адукацыі, з усіх ваяводстваў. І вось якія вынікі атрымаліся.
За тры гады з сяброў ператварыліся ў ворагаў
Галоўная выснова гэтага апытання відавочная: пасля пачатку вайны ва Украіне і на фоне датычнасці Беларусі да дзеянняў Расіі стаўленне палякаў да Беларусі кардынальна змянілася. Палякаў запыталі, як яны ўспрымаюць суседнія краіны і як, на іх меркаванне, гэтыя краіны ўспрымаюць Польшчу. Дык вось: у 2020-м годзе больш за 40% палякаў думалі, што Беларусь ставіцца да іх прыязна. Цяпер усё нашмат горш: 82% грамадзян Польшчы лічаць, што Беларусь успрымае іх непрыязна. Раней так меркавалі толькі пра Расію.
— Гэта сапраўдны крах ранейшага ўспрымання краіны сярод палякаў. Тры апошнія гады, і гэта зразумела, прынеслі пагаршэнне ўспрымання польска-расійскіх адносінаў, але тая змена, што ў гэты ж час адбылася ў беларуска-польскіх адносінах, асабліва заўважная, — кажуць аўтары рапарта паводле вынікаў даследавання.
Але крыху іншая справа — беларусы. Дык вось, калі адкінуць дзяржаўныя справы і абапірацца толькі на чалавечыя кантакты, то ўжо тут палякі менш катэгарычныя. Толькі 49% палякаў лічаць, што беларусы іх недалюбліваюць, а 34% усё ж заўважаюць, што беларусы ставяцца да іх прыязна.
Куды ўцякаць. Пераязджаем у Польшчу: што трэба ведаць на першы час
Пра Беларусь ведаюць, што гэта таталітарная краіна з Лукашэнкам на чале
Рэспандэнтаў запыталі, што яны ведаюць пра Беларусь, якія ў іх першыя асацыяцыі. І 42% адказалі: аўтарытарызм, таталітарызм і Лукашэнка. Другая паводле папулярнасці асацыяцыя — вайна ва Украіне і братанне з агрэсарам, Расіяй. Таксама згадвалі падзеі на беларуска-польскай мяжы, дакладней, міграцыйны крызіс, справакаваны Лукашэнкам.
Да яго, дарэчы, палякі ставяцца рэзка негатыўна — толькі 3% падзяляюць погляд на яго кіраўніцтва краінай. Амаль палова наўпрост называе Лукашэнку дыктатарам, 23% — марыянеткай Пуціна. А што да беларусаў, то 42% палякаў уяўляюць, што большасць беларускага грамадства праяўляе інертнасць і пасіўнасць у адносінах да расійскай агрэсіі ва Украіне.
Даследаванне паказвае, што палякі актыўна цікавяцца навінамі з Беларусі. Амаль траціна — 29% — сказала, што асабіста ведаюць беларуса або беларуску, а 9% сябруюць з імі і атрымліваюць навіны з першых рук. Рэгулярна сочаць за падзеямі ў нас 32% грамадзян Польшчы.
Зафіксаваліся ў памяці палякаў і падзеі 2020 года. Яны ведаюць пра фальсіфікацыю выбараў, вулічныя пратэсты і іх жорсткае падаўленне, пра рэпрэсіі і арышты.
Траціна ведае, хто такія Ціханоўская, Пачобут, Борыс, яшчэ 15% апытаных ведаюць пра Алеся Бяляцкага. Што цікава, больш імёнаў беларускіх палітыкаў і дзеячаў ведаюць палякі старэйшага ўзросту.
Палякі хочуць дапамагаць беларусам
Цяпер беларусаў у Польшчы нашмат больш, чым тры гады таму. І тут палякі не тое каб сфармавалі адназначнае стаўленне да мігрантаў з Беларусі. Напрыклад, 43% апытаных лічаць, што дапамагаць варта толькі тым, хто зведаў палітычны пераслед. У той жа час 30% — за тое, каб у роўнай ступені дапамагаць усім беларусам, што пераехалі ў Польшчу.
Кожны пяты паляк не лічыць беларускіх палякаў сваімі суайчыннікамі або сумняваецца ў такой самаідэнтыфікацыі. Крыху менш за палову — 40% — незадаволеныя прывілеямі, якімі Польшча адорвае ўладальнікаў Карты паляка, або сумняваюцца ў падставах яе выдачы.
Але большасць усё ж больш лаяльная. Амаль 80% палякаў залучае беларускіх палякаў да сваіх, і 60% згодныя з тым, што ў Польшчы для іх створаныя асаблівыя ўмовы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.