Памілаваны Лукашэнкам акадэмік Бялецкі працуе ў звычайнай паліклініцы
Аляксандр Бялецкі / sputnik.by
Акадэмік Аляксандр Бялецкі, асуджаны ў 2019 годзе за карупцыю і памілаваны Лукашэнкам, вярнуўся ў медыцыну. Паводле інфармацыі TUT.by, унікальны артапед і траўматолаг вядзе прыём у паліклініцы Мінскага раёна ў Бараўлянах. Таксама да яго можна запісацца на платны прыём.
Бялецкі выйшаў на волю ў чэрвені 2021 года, правёўшы за кратамі тры гады. У лютым 2019 года акадэмік быў прысуджаны да 7,5 гадоў калоніі. Да затрымання Аляксандр Бялецкі ўзначальваў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. На судах акадэмік прызнаўся, што ў якасці падарунка атрымаў 4 тысячы еўра і 3 тысячы долараў. Але не лічыў гэтыя грошы хабарам. Адну з сум Бялецкі выдаткаваў на паездку на кангрэс у Барселону. На судзе ён раскаяўся ў здзейсненым.
Аляксандр Бялецкі чытаў лекцыі ў многіх краінах свету, правёў 4 тысячы высокатэхналагічных аперацый, распрацаваў новыя тэхналогіі хірургічнага лячэння артапедычнай паталогіі тазасцегнавога сустава ў дзяцей і падлеткаў.
У чэрвені разам з Бялецкім на волю выйшаў намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Ён таксама быў асуджаны па "справе лекараў" за карупцыю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.