Партыя БНФ можа выйсці з ініцыятывы "Народны рэферэндум"
Лідар партыі Аляксей Янукевіч кажа, што згублены давер паміж лідарамі арганізацыяў, якія заснавалі ініцыятыву.
На адным з бліжэйшых пасяджэнняў Сойма Партыя БНФ можа разгледзець пытанне аб выхадзе з ініцыятывы "Народны рэферэндум". Пра гэта агенцтву БелаПАН заявіў старшыня партыі Аляксей Янукевіч.
Па яго словах, чатыры арганізацыі, якія заснавалі "Народны рэферэндум", на сёння маюць розныя падыходы не толькі да цяперашняй выбарнай кампаніі. "Відавочна, што ў гэтых структур рознае бачанне формаў і метадаў дзейнасці, якія з'яўляюцца больш эфектыўнымі. І самае галоўнае — згублены персанальнае давер паміж лідарамі арганізацый, якія два папярэднія гады працавалі ў рамках "Народнага рэферэндуму", — адзначыў Янукевіч.
Партыйны лідар мяркуе, што лёс "Народнага рэферэндуму" вызначыцца пасля прэзідэнцкіх выбараў. Нагадаем, што яны прызначаныя на 11 кастрычніка.
У ініцыятыву "Народны рэферэндум" ўваходзяць кампанія "Гавары праўду", Партыя БНФ, рух "За Свабоду" і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада).