Партыя Гайдукевіча патрабуе адмяніць “дэкрэт аб дармаедах”
Ліберальна-дэмакратычная партыя, кіраўніком якой з’яўляецца лаяльны да ўладаў Сяргей Гайдукевіч, заклікае ўлады адмяніць дэкрэт прэзідэнта №3, вядомы як “дэкрэт ад дармаедах”.
Пасля хвалі пратэстаў, якая прайшлася па ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, партыя апублікавала на сваім сайце адпаведную заяву.
“Сёння ў Гомелі, Гродне, Магілёве людзі выйшлі на мітынгі супраць Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, — гаворыцца ў паведамленні. — Абурае, што да людзей не выйшаў ніводзін з чыноўнікаў мясцовай улады, у тым ліку, намеснікі па ідэалогіі.
Вышэйшы Савет і Цэнтральны камітэт ЛДПБ звяртаецца да кіраўніцтва краіны: 1) Прыпыніць дзеянне Дэкрэта. Стварыць камісію па вывучэнні практыкі яго прымянення. У склад камісіі ўключыць прадстаўнікоў парламенцкіх партый, аўтарытэтных людзей нашай краіны; 2) Вызваліць ад займаных пасадаў чыноўнікаў мясцовых адміністрацый, у тым ліку намеснікаў па ідэалогіі, якія не выйшлі да людзей”.