Пасля акцыі памяці Міхася Жызнеўскага ў Мінску затрымалі дваіх актывістаў
Каля ўкраінскай амбасады ў Мінску адбылася акцыя памяці Міхася Жызнеўскага — беларуса, які загінуў на Майдане пяць гадоў таму і стаў адным з "Герояў Нябеснай сотні".
Пасля акцыі міліцыянты затрымалі старшыню "Маладога фронту" Дзяніса Урбановіча і Вольгу Мікалайчык, паведамляе Радыё "Свабода". Відэа затрымання з'явілася на тэлеграм-канале "Маладога фронту". На ім бачна, як пяцёра мужчын у цывільным цягнуць дваіх чалавек у мікрааўтобус, за імі ідзе актывістка Ніна Багінская, але адзін з людзей у цывільным адштурхоўвае яе.
Мужчына на відэа кажа, што затрыманне актывістаў адбылося пасля акцыі, калі яе ўдзельнікі дабраліся ўжо да ЦУМа. Гэта пацвердзіла і Ніна Багінская, дадаўшы, што ўдзел у акцыі ўзялі шэсць чалавек.