Пасля затрымання футбаліста "Крумкачоў" чакае месяц пасцельнага рэжыму
Сяргей Казека / by.tribuna.com
30 жніўня ў Мінску затрымалі футбалістаў клуба "Крумкачы" Сяргея Казеку і Паўла Расольку. Падчас затрымання Сяргея збілі — у выніку ён атрымаў трэшчыну ў пазванку, ноччу яго забрала з аддзялення міліцыі хуткая.
Цяпер яму прызначаны месяц пасцельнага рэжыму, расказаў Еўрарадыё дырэктар клуба Алег Давідовіч:
— Сяргея Казеку пры затрыманні збілі, а потым адмаўлялі ў шпіталізацыі. У дзве гадзіны ночы яго адвезлі ў бальніцу, там дыягнаставалі трэшчыну трэцяга пазванка. Але адправілі назад у РУУС. Павел і Сяргей правялі там усю ноч.
Раніцай 31 жніўня ў РУУС пачаліся следчыя мерапрыемствы, на якіх прысутнічалі адвакаты футбалістаў і дырэктар клуба. Вынік дня — крымінальная справа супраць іх спыненая. Але адміністрацыйны пераслед футбалістаў працягваецца: іх чакае суд за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
1 верасня ў 16:00 на полі САК "Алімпійскі" пройдзе матч 1/16 фіналу, у якім "Крумкачы" згуляюць супраць "Дынама-Мінск". Упершыню за апошнія паўгода гледачам дазволена прыйсці на трыбуны. "Крумкачы" запрашаюць усіх падтрымаць каманду ў "складаны час":
— Наведаць стадыён — найлепшае, што вы можаце зрабіць цяпер для каманды, для Сяргея і Пашы. Бярыце сябе, сям'ю, сяброў і далучайцеся да нас, — кажа Алег Давідовіч.
Тым часам Віталь Кутузаў, былы форвард зборнай Беларусі, заявіў, што гатовы аплаціць рэабілітацыю Сяргея Казекі.
"Хтосьці лечыць, хтосьці калечыць! Лагістыка, размяшчэнне, кансультацыя і рэабілітацыя ў найлепшых спецыялістаў! Просьба звязацца дактароў і асабіста самога Сяргея для арганізацыі фармальнасцяў", — напісаў Кутузаў у сваім інстаграм-акаўнце.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.