Перамога над Расіяй усё бліжэй: чаго чакаць Украіне ад новага пакета дапамогі
Міністэрства абароны Украіны чакае выдатных навін ад новага пакета падтрымкі Украіны / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Украіна павінна атрымаць ад партнёраў маштабную ваенную дапамогу па выніках сустрэчы Рамштайн-8, якая праходзіць 20 студзеня. Цяжкае ўзбраенне і тэхніка вельмі патрэбныя для контрнаступлення.
Еўрарадыё даведалася, якія ключавыя рэчы абяцалі Украіне і чым яны дапамогуць на фронце.
Новы пакет будзе адным з самых дарагіх
Напярэдадні сустрэчы міністраў абароны блізу 50 краін у фармаце Рамштайн, ЗША анансавалі адзін з самых буйных пакетаў дапамогі для Украіны. Але пакуль без танкаў. Агульная сума падтрымкі — $2,5 млрд. Усяго ў спісе 21 пункт: ад 50 БМП М2 Bradley і ракет для HIMARS да прыбораў начнога бачання і запчастак.
— ЗША абяцаюць пастаўкі БТР Stryker — хутчэй за ўсё ў варыянце з цяжкім кулямётам Браўнінга і дзевяццю месцамі для дэсанта. Пішуць пра 100 штук — гэта было б вельмі крута, думаю ў рэальнасці будзе меней, — піша ваенны аглядальнік Іван Мацвееў. — ЗША таксама абяцаюць пастаўкі дальнабойных сістэм GLSDB — па сутнасці карэктаваных бомбаў, зрошчаных з ракетамі. Танны і больш дальнабойны аналаг Хаймарсаў.
Кіраўнік Мінабароны Вялікабрытаніі анансаваў пастаўку 600 ракет Brimstone Украіне. Такія ракеты з вялікай дакладнасцю б'юць па цэлях, якія рухаюцца. Таксама ў брытанскім пакеце дапамогі ішла размова пра танкі Challenger.
Швецыя перадасць Украіне каля 50 БМП CV-90. А таксама гранатамёты, супрацьтанкавыя ракеты, абсталяванне для размініравання. Яшчэ аўтаматычную зброю, але пакуль не ясна, якую. Анансавалася пастаўка тэхналагічных гаўбіц Archer.
— Наўрад ці адправяць шмат, добра, калі восем штук, — лічыць Іван Мацвееў.
Данія аддасць УСУ 15 самаходных артылерыйскіх установак CAESAR. Гэта ўсе САУ, якія мае Данія. Таксама Украіне пяройдуць чатыры CAESAR, заказаныя ў Францыі, але яны яшчэ вырабляюцца.
Літва накіруе Украіне два верталёты Мі-8, зенітныя гарматы L70 і боепрыпасы. На гэтую падтрымку Літва выдаткуе 125 млн еўра.
Галоўная інтрыга Рамштайна: ці дасць Германія дабро на пастаўкі сваіх танкаў Leopard 2 Украіне. Іх гатовыя перадаць Польшча і Фінляндыя. Германія так доўга цягне з дазволам, што прэм'ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што палякі нават без дазволу Германіі аддадуць Leopard 2 Украіне. Гэта напэўна ж прывядзе да скандалу, але, магчыма, Польшча дамовіцца з новым міністрам абароны Германіі Борысам Пісторыусам.
Што прасіла Украіна?
Галоўнакамандуючы УСУ Валерый Залужны раней сказаў The Economist, што для паспяховага контрнаступлення УСУ трэба 300 танкаў, прыкладна 700 БМП і 500 гаўбіц. Хоць вышэйзгаданы пералік — гэта не ўся дапамога, якую хутчэй за ўсё атрымае Украіна па выніках восьмага Рамштайна, але відавочна, што і запыт Залужнага не будзе задаволены. Аднак міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў упэўнены, што Рамштайн прынясе "выдатныя навіны для ўкраінскіх вайскоўцаў".
Напрыклад, толькі танкі Leopard 2 маглі б моцна дапамагчы на канкрэтных участках, лічыць афіцэр Арміі абароны Ізраіля і ваенны аналітык Ігаль Левін. На думку эксперта, Рамштайн скончыцца паспяхова, калі Германія ўсё ж такі адкіне свае сумневы і дазволіць пастаўкі Leopard 2 Украіне.
— Бярэм трохі танкаў з Польшчы, трохі з Фінляндыі, трохі з Іспаніі. Нават без Германіі. У нас ужо ёсць танкавы батальён. Танкавы батальён Leopard 2 — грозная сіла. Ва ўмелых руках, пры таленавітых камандзірах — гэта сіла, якая можа на канкрэтным участку пераламіць сітуацыю, прарваць лінію фронту, забяспечыць агнявую падтрымку. Гэта велізарнае ўзмацненне канкрэтнага баявога ўчастка на аператыўным і тактычным узроўні, — пасумоўвае Ігаль Левін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.