Пісьменнік Салман Рушдзі, на якога напалі ў ЗША, можа страціць вока

Салман Рушдзі / tengrinews 
Салман Рушдзі / tengrinews 

Пісьменнік Салман Рушдзі, на якога 12 жніўня напалі ў ЗША, можа страціць вока. Аб гэтым піша Reuters са спасылкай на агента літаратара Эндру Уайлі.

"Навіны кепскія. Салман, хутчэй за ўсё, страціць адно вока; разарваныя нервы на руцэ; у выніку ўдару нажом пашкоджана вантроба", — кажа Уайлі. Па словах агента, пасля некалькіх праведзеных аперацый Рушдзі знаходзіцца на ШВЛ.

Салман Рушдзі — пісьменнік індыйскага паходжання. Ён гадамі хаваўся пасля таго, як Іран заклікаў мусульман забіць яго з-за яго рамана "Сатанінскія вершы". Многія мусульмане палічылі гэтую кнігу блюзнерскай, і ў 1988 годзе вярхоўны лідар Ірана аятала Хамейні выдаў фетву-ўказ забіць Рушдзі.

75-гадовы Рушдзі атрымаў нажавыя раненні ў шыю і тулава проста на сцэне падчас лекцыі ў штаце Нью-Йорк. Ён мусіў выступіць перад сотнямі гледачоў у інстытуце Chautauqua Institution, калі на сцэну выскачыў мужчына ў масцы і кінуўся на пісьменніка.

Нападнік затрыманы. Гэта 24-гадовы жыхар Нью-Джэрсі Хадзі Матар. Яго матывы, гавораць у паліцыі, пакуль не вядомыя. Справай займаецца ФБР. Па словах паліцыі, у Матара быў пропуск на лекцыю Рушдзі і, мяркуючы па папярэдніх дадзеных, ён дзейнічаў у адзіночку.

Прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Борыс Джонсан і іншыя брытанскія палітыкі асудзілі напад на Салмана Рушдзі, назваўшы гэта выклікам свабодзе слова, правам на якую карыстаўся пісьменнік. Дырэктар выдавецкага дома Penguin Random House, які публікуе кнігі Рушдзі, назваў напад на пісьменніка актам публічнага гвалту.

Як піша BBC, Рушдзі хаваўся дзевяць гадоў. У канцы 1990-х новыя кіраўнікі Ірана абвясцілі, што больш не лічаць фетву памерлага ў 1989 году аяталы Хамейні сапраўднай. Аднак на неафіцыйным — ці напаўафіцыйным — узроўні фетва засталася ў сіле. За галаву Рушдзі, які жыве на Захадзе, адзін іранскі ісламскі фонд абяцае 3,3 мільёнаў долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі