Траціна беларусаў падтрымлівае вайну ва Украіне: вынікі новага апытання
Наступствы вайны часцей ацэньваюць негатыўна і для Беларусі, і для сябе / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Большасць беларусаў не лічаць, што заслужылі дрэннае стаўленне з боку Захаду, і баяцца, што Расія ўцягне Беларусь у вайну.
Chatham House спытаў у 823 рэспандэнтаў у інтэрнэце, што яны думаюць наконт вайны ва Украіне і як ацэньваюць уласныя перспектывы. Апытанне прайшло з 8 да 18 красавіка 2022 года. Выбарка адпавядае структуры гарадскога насельніцтва Беларусі і скарэктаваная па поле, узросце, памеры населеных пунктаў і ўзроўні адукацыі.
— Таксама мы адзначаем ўплыў боязі рэспандэнтаў пры праходжанні апытання, што
таксама можа мець уплыў на вынікі, — падкрэслівае Chatham House.
Статыстычная хібнасць вынікаў не перавышае 3,6%.
Праціўнікі вайны часцей вінавацяць сябе
Ваенныя дзеянні ва Украіне не падтрымліваюць 40% рэспандэнтаў. Разам з тым 32% сказалі, што дакладна падтрымліваюць ці хутчэй падтрымліваюць ваенныя дзеянні. Пры гэтым 28% не змаглі адказаць альбо ў чымсьці падтрымліваюць агрэсію Расіі, а ў чымсьці — не.
Наступствы вайны часцей ацэньваюць негатыўна і для Беларусі (53% апытаных), і для сябе (48%).
Не чакаюць нічога добрага ў эканоміцы. Пра рост цэн кажуць 66% апытаных, 63% чакаюць новых санкцый. 60% лічаць, што жыццё простага чалавека стане горшым. І толькі 10% глядзяць на перспектывы звычайных людзей пазітыўна.
Нягледзячы на ўмацаванне беларускага рубля да долара і еўра, 44% рэспандэнтаў чакаюць дэвальвацыі. Яшчэ 41% заяўляюць, што валюту ў найбліжэйшыя тры месяцы будзе немагчыма купіць. Пра закрыццё буйных прадпрыемстваў сказалі 29%.
Толькі 15% апытаных лічаць, што звычайныя беларусы вінаватыя ў тым, што з тэрыторыі Беларусі нападаюць на Украіну. Адпаведна, 56% думаюць, што беларусы не заслугоўваюць дрэннага стаўлення з боку заходніх краін, як расіяне. Затое 67% перакананыя, што адказваць давядзецца ўсім, паколькі санкцыі закрануць простых людзей.
— Тыя, хто не падтрымлівае дзеянні Расіі, часцей лічаць беларусаў таксама вінаватымі ў канфлікце; у той жа час яны часцей думаюць, што не заслугоўваюць такога ж негатыўнага стаўлення, як расіяне, — паведамляе Chatham House.
Нейтралітэт стаў менш папулярным
Па пытаннях удзелу ў ваенных дзеяннях частка беларусаў стала радыкальнейшай. 6% рэспандэнтаў вырашылі ў красавіку, што варта прыняць удзел у баявых дзеяннях на баку Расіі (+3 адсоткавыя пункты ў параўнанні з сакавіком). Яшчэ 3% за ўступленне ў вайну на баку Украіны (+2 а. п.).
Больш за ўсё беларусаў усё ж лічаць, што ў ваенны канфлікт улазіць не варта, але трэба падтрымліваць Расію. Такіх 27% (-1 адсоткавы пункт да сакавіка). Таксама не хочуць удзелу ў вайне, але за падтрымку Украіны 11% (-4 а. п. да сакавіка).
Нейтралітэт і вывад замежных войскаў з Беларусі ўхваляюць 23% (-2 адсоткавыя пункты да сакавіка). Яшчэ 22% не ведаюць, як ставіцца да вайны проста за мяжой.
"І калі б за шэсць гадзін...", то нічога не здарылася б
— Беларусы не думаюць, што вайна перакінецца на тэрыторыю Беларусі, і ўпэўненыя, што беларускія войскі не будуць удзельнічаць у канфлікце. Аднак большасць асцерагаецца, што Расія ўцягне краіну ў вайну, — піша Chatham House.
Толькі 11% лічаць, што вайна пяройдзе на Беларусь. 53% не могуць адказаць, а 35% не думаюць, што такое здарыцца. Нягледзячы на даволі высокую падтрымку Расіі, 57% моцна асцерагаюцца, што Расія ўцягне Беларусь у вайну.
Словы Лукашэнкі пра прэвентыўны ўдар, якія сталі мемам, амаль для чвэрці рэспандэнтаў зусім не мем. 14% аказаліся цалкам згодныя са сцверджаннем, што, "калі б з боку Беларусі не быў нанесены прэвентыўны ўдар, армія Украіны атакавала б беларускія войскі". 10% сказалі, што хутчэй згодныя. 35% лічаць гэта сцверджанне няправільным, а 42% не могуць ацаніць.
У выпадку вайны ў абменнік пабягуць хутчэй, чым у войска
Таксама людзей папрасілі расказаць, што яны будуць рабіць, калі Беларусь уступіць у вайну на баку Расіі. Перш за ўсё, яны будуць закупляцца прадуктамі і лекамі. Так адказалі 29% апытаных. На другім месцы апынуўся адказ "працягну сваё звычайнае жыццё" — 28%. За ім "пачну эканоміць" — 24%. Збіраюцца хутка пакінуць краіну 10%, а 21% толькі падрыхтуюць рэчы для пераезду.
Не абышлося без тых, хто ў любой незразумелай сітуацыі будзе купляць валюту. Іх сярод беларусаў больш, чым гатовых ваяваць на баку Расіі. Калі ў абменнікі пойдуць 10% рэспандэнтаў, то ў шэрагі беларускага войска толькі 9%, а ўсяляк падтрымліваць удзел Беларусі ў вайне стануць 7%.
Як і ў сакавіцкім апытанні, нават па вельмі важных пытаннях сярод беларусаў шмат тых, хто не вызначыўся. 22% не ведаюць, што будуць рабіць у выпадку вайны.
— Нават у выпадку ўступлення ў вайну толькі 23% беларусаў лічыць, што вайскоўцы прымуць актыўны ўдзел у вайне супраць Украіны.
Чаго чакаць ад войска ў выпадку вайны, не ведае 31% жыхароў Беларусі. Астатнія думаюць, што войска настолькі не захоча ваяваць з Украінай, што пачнуцца адмовы ваяваць ці дрэннае выкананне загадаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.