Полацкі дзяржуніверсітэт заклікае сваіх студэнтаў навучацца ў Белгарадзе
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт / Яндэкс
Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Еўфрасінні Полацкай прапануе сваім студэнтам прайсці навучанне ў Белгарадзе. Адпаведнае запрашэнне з'явілася ў тэлеграм-канале навучальнай установы, заўважыла "Наша Ніва".
"Не прапусці свой шанец прайсці навучанне ў Белгарадзе!" — да гэтага закліку ва ўніверсітэцкім тг-канале дададзены значок "агонь". Вучыцца прапануюць у Белгародскім дзяржаўным нацыянальным даследчым універсітэце.
Асаблівую іронію сітуацыі надае тое, што цяпер гэта прыфрантавая вобласць Расіі, якая знаходзіцца пад рэгулярнымі абстрэламі. У Белгародскую вобласць часта адбываюцца ваенныя рэйды добраахвотнікаў з тэрыторыі Украіны. Горад Шабекіна ў Белгародскай вобласці ўлады рыхтуюць да эвакуацыі.
Менавіта туды і цяпер запрашаюць студэнтаў 2-га і 3-га курсаў юрыдычнага, гуманітарнага, фінансава-эканамічнага факультэтаў, факультэтаў інфармацыйных тэхналогій і кампʼютарных навук і электронікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.