Польская паліцыя затрымала мікрааўтобус з нелегальнымі мігрантамі
Затрыманне нелегальных мігрантаў / suwalki.policja.gov.pl
Польскія паліцыянты затрымалі ў чацвер 22 нелегальных мігранты, якія перасоўваліся па тэрыторыі Сувалкскага павета краіны на мікрааўтобусе, паведамляе мясцовы аддзел паліцыі.
Мікрааўтобус Renault з нямецкімі нумарнымі знакамі ехаў ад літоўскай мяжы ў бок горада Сувалкі. Транспартны сродак быў спынены на блокпосце для праверкі. Кіраваў машынай 34-гадовы грамадзянін Сірыі, акрамя яго ў аўтобусе знаходзіліся яшчэ 20 сірыйскіх грамадзян і адзін грамадзянін Емена.
Кіроўца аўтобуса і пасажыры былі затрыманыя, паколькі знаходзіліся на тэрыторыі Польшчы незаконна.
Як паведамляла Еўрарадыё, за сераду, 17 лістапада, польскія памежнікі прадухілілі 501 спробу незаконнага перасячэння мяжы на ўчастку з Беларуссю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.