Польскі банк адказаў на абвінавачанні ў дыскрымінацыі беларусаў
Банк Santander у Польшчы
Польскі банк Santander, паслугамі якога ў Польшчы карыстаюцца многія беларусы, адмаўляе абвінавачанні ў дыскрымінацыю грамадзянаў нашай краіны. Пра гэта піша "Белсат". Раней з'явіліся паведамленні, што банк масава блакуе анлайн-банкінг і мабільную праграму ў кліентаў-грамадзянаў Беларусі. У прыватнасці, некалькі чалавек расказалі рэсурсу, што Santander патрабуе від на жыхарства, прычым з тэрмінам дзеяння большым за год.
Кіраўнік дэпартамента сувязяў з грамадскасцю банка Santander Яцэк Баршчэўскі заявіў рэсурсу, што кожны банк працуе з замежнікамі паводле ўласных правілаў. З яго словаў, "банк кіруе сваімі рызыкамі і ў рамках гэтага кіравання прымае рашэнні аб наладжванні або скасаванні супрацоўніцтва з кліентам". Акрамя таго, прадстаўнік Santander згадаў і заканадаўства аб супрацьдзеянні адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму. Ён адзначыў, што банкі абавязаныя ацэньваць рызыкі і "рабіць захады фінансавай бяспекі", аналізаваць аперацыі кліента. Для гэтага і могуць спытаць дадатковыя дакументы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.