Пра што дамовіліся Зяленскі і Пуцін у Парыжы

Пра што дамовіліся Зяленскі і Пуцін у Парыжы

У Парыжы прайшлі перамовы ў "нармандскім фармаце", прысвечаныя праблеме ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Украіны. У іх удзельнічалі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, французскі лідар Эмануэль Макрон і канцлер Германіі Ангела Меркель. Яны праводзілі сумесныя перамовы, таксама Зяленскі і Пуцін правялі двухбаковую сустрэчу, паразмаўлялі сам на сам. Вынікі зусім нязначныя. Як адзначае "Бі-Бі-Сі", бакі "дамовіліся дамаўляцца".

Галоўны вынік — абмен усіх асоб, якія ўтрымліваюцца бакамі канфлікту на Данбасе (вядома, што дахаты мусяць вярнуцца 72 украінцы) да канца 2019-га і прызначэнне новай сустрэчы, яна мусіць адбыцца праз чатыры месяцы. Такое важнае і прынцыповае пытанне, як перадача Украіне кантролю над мяжой з Расіяй на Данбасе, не было вырашана (Расія настойвае, каб гэта адбылося толькі пасля правядзення выбараў на Данбасе). Не ўдалося дамовіцца наконт правядзення на непадкантрольных Кіеву тэрыторыях мясцовых выбараў і пра транзіт расійскага газу (але гэтае пытанне "удалося разблакаваць", сказаў Зяленскі).

У Парыжы дасягнута дамоўленасць пра ўвядзенне бестэрміновага рэжыму спынення агню на Данбасе да канца 2019 года, пра развядзення войскаў яшчэ ў трох раёнах, аб пашырэнні мандату місіі АБСЕ на ўсходзе Украіны, пра неабходнасць замацаваць ва ўкраінскім заканадаўстве так званай "формулы Штайнмаера", якая рэгулюе працэдуру атрымання асаблівага статуса самаабвешчанымі рэспублікамі.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што лічыць пазітыўным фактам тое, што ўдалося разблакаваць дыялог з Расійскай Федэрацыяй. Уладзімір Пуцін прызнаў, што адбылося "пацяпленне" ў расійска-украінскіх адносінах. Да пытання кантроля над мяжой яны вернуцца на наступнай сустрэчы вясной 2020-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі