"Правал-2020", або чаму нават "беларускі Фелпс" не ўратаваў Паралімпіяду ў Токіа
Паралімпійцы Аляксей Талай і Ігар Бокій / Еўрарадыё
Вынікі Алімпіяды і Паралімпіяды-2020 сталі найгоршымі ў гісторыі незалежнай Беларусі. Паказчыкі беларускіх спартсменаў нават паспелі ахрысціць "антырэкордам" і “правалам”. Чаму так атрымалася і хто ў гэтым вінаваты?
“Колькасць медалёў адпавядае таму, што адбываецца ў беларускім спорце”
— Гэта найгоршае выступленне за ўсю гісторыю [ўсяго сем медалёў. — Еўрарадыё]. Я назаву яго нездавальняючым, хтосьці больш эмацыйны назаве яго правальным, — расказвае Еўрарадыё экс-дырэктар РЦАП па фрыстайле, а цяпер адказны за моладзевую палітыку і спорт у Народным антыкрызісным упраўленні Вадзім Крывашэеў. — Чаму медалі не ўзялі? Асноўныя прычыны даўно вядомыя: сістэмныя памылкі, такія як прыцягненне ў галіну спецыялістаў, якія ў цэлым не ёсць спартыўнымі функцыянерамі. Падыход у фінансаванні спорту і кіраванні, безумоўна, ідзе ў мінус.
Прычыны тыя самыя, што і ў выступе нашай алімпійскай каманды. Тэндэнцыя, якая паказвае адмоўную дынаміку ў спорце ў цэлым, яна відавочная. Можа быць, і хацелася нам больш, але гэта [колькасць медалёў. — Еўрарадыё] на сёння тая лічба, якая адпавядае таму, што адбываецца ў беларускім спорце.
На думку Вадзіма Крывашэева, сваю ролю адыграла напружанасць у беларускім грамадстве.
— Трэба ўлічваць і сацыяльна-палітычную атмасферу, якая на сённяшні дзень прысутнічае ва ўсіх галінах, — працягвае мужчына. — Яна не стварае матывацыі людзям да чагосьці імкнуцца і дамагацца. У гэтым асяроддзі, дзе нагрузка псіхалагічная ў разы большая, чым фізічная, самарэалізавацца спартсменам вельмі складана.
Думаю, што псіхалагічны стан нашага грамадства не спрыяе таму, каб людзі цяпер маглі паказваць высокія вынікі абсалютна ва ўсіх сферах, тым больш калі мы гаворым пра высокія дасягненні на міжнародным узроўні.
Вінаваты каранавірус?
"Усё роўна каманда ва ўмовах пандэміі і пры іншых аб'ектыўных прычынах выступіла цалкам годна", — так пракаментаваў выступленне спартсменаў старшыня Паралімпійскага камітэта Алег Шэпель. Плыўцы Максім Вашкевіч і Рыгор Зудзілаў падхапілі "карону" яшчэ да старту спаборніцтваў. У выніку Вашкевіч на стаметроўцы батэрфляем заняў сёмае месца, а Зудзілаву так і не ўдалося выступіць. Можа, калі б не падступная інфекцыя, то колькасць медалёў была б куды большая?
— Калі б каранавірус быў толькі ў Беларусі, то можна было б пра гэта гаварыць. Але ён цяпер абсалютна ва ўсіх краінах. Каб гаварыць аб'ектыўна, трэба паглядзець іх найлепшы вынік сезона, з якім яны туды ехалі, і на што яны там маглі прэтэндаваць. Туды ехалі людзі ў рангах дзейных чэмпіёнаў свету, і сваіх найлепшых вынікаў сезона там не паказалі. Таму гэта яшчэ са знакам пытання.
І "выратавальны круг" не дапамог
Сёлета пяць залатых медалёў Ігара Бокага не далі да канца ўтапіць аўтарытэт беларускай каманды. Залатыя медалі з Паралімпіяд "беларускі Фелпс" прывозіць з 2012 года. Ці значыць гэта, што мужчына для чыноўнікаў ад спорту — своеасаблівы "выратавальны круг", які ўвесь час бяруць на Паралімпіяду?
— Гэта атлет, на якім сёння, у прынцыпе, спрабуе выехаць сістэма, — адзначае Вадзім Крывашэеў. — Адзін спартсмен бярэ пяць залатых медалёў, і яшчэ двое бяруць срэбра і бронзу — і ўсё. Паглядзіце — побач Украіна, традыцыйна заваявана каля ста медалёў. Гэта сведчыць пра сістэмную падрыхтоўку паралімпійцаў, іх падтрымку як катэгорыі грамадзян у краіне. Вось вам кантраст. Не будзе Бокага на наступнай Паралімпіядзе — і хто ведае, колькі будзе медалёў. Два, тры? І не факт, што залатыя.
Спартсмен Аляксей Талай у Токіа паставіў рэкорд на дыстанцыі 50 метраў брасам у групе SB-1, аднак заняў у фінальным заплыве сёмае месца. Дадому ён прыехаў без медалёў — няўжо зорка Талая закацілася?
— Наколькі я чуў са СМІ, ён моцна бедаваў і крыўдзіўся, і былі нават у сацсетках нейкія выпады на адрас Міжнароднага паралімпійскага камітэта, — кажа Вадзім Крывашэеў. — Наколькі я зразумеў, яго катэгорыю аб'ядналі з нейкай іншай катэгорыяй, і цяпер змагацца за медалі яму стала немагчыма. Але калі Паралімпійскі камітэт прыняў у сілу пэўных абставін такое рашэнне, то не значыць, што яно падстроенае супраць Талая ці яшчэ кагосьці.
Калі гэтая праграма зацверджана і будзе працаваць далей, то я думаю, што яму ў будучыні разлічваць на больш высокія месцы будзе складана. Як ён будзе самарэалізоўвацца? Ён актыўны таварыш у медыйным плане. Падтрымліваючы Лукашэнку, ён спрабуе ўцягнуць сваю персону ў палітычнае поле. Я так разумею, што такім чынам чалавек шукае сваёй рэалізацыі.
Паралімпійцы залежаць ад чыноўнікаў?
Нядаўні прыклад: лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская адважылася і выступіла супраць чыноўнікаў ад спорту, у выніку апынулася за мяжой. А калі такое здарыцца са спартсменамі з абмежаванымі магчымасцямі, то што іх чакае? І наогул, ці моцна залежаць паралімпійцы ад дзейных беларускіх уладаў?
— Вядома, такім людзям значна складаней. У іх жыцці і так пытанняў і праблем у арганізацыі свайго побыту першапачаткова больш, чым у іншых людзей. Але патэнцыйна так, калі яны прэтэндуюць на медалі Паралімпійскіх гульняў, то змена іх палітычнага грамадзянства таксама напэўна магчымая.
Але сёння ўсім, хто не гатовы зрабіць крок у плане палітычнай міграцыі, тэарэтычна могуць абмяжоўваць нейкія стымуляцыйныя выплаты, прэміяльныя і гэтак далей. Усе гэтыя механізмы даўно ўжо вядомыя і прымяняюцца да тых, хто ў любых працоўных калектывах не ідзе ў нагу з усімі.
Прагноз на будучыню: ці ёсць шанц у беларускіх спартсменаў пабіць медальны "антырэкорд" або, наадварот, "стрэліць" пачкам залатых медалёў?
— Калі ў краіне адбудуцца палітычныя змены, калі пачнуць адбывацца палітычныя працэсы, якія пачнуць станоўча ўплываць на настроі людзей, спыніцца гвалт, пераслед людзей, калі гэта зменіцца — на гэта адрэагуюць абсалютна ўсе, і спартсмены ў тым ліку. Менавіта ў гэтым зарука поспеху беларусаў, — упэўнены Вадзім Крывашэеў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.