Праз хвіліну быў у аўтазаку: беларусы паказалі апошнія фота перад затрыманнем
Марш справядлівасці
"Сфатаграфаваў аўтазак, які пад'язджаў. Праз пару хвілін я ў ім апынуўся": беларусы падзяліліся з Еўрарадыё сваімі апошнімі фотаздымкамі перад затрыманнем на акцыях пратэсту.
27 жніўня. Аляксандра Багуслаўская, карэспандэнт DW
Плошча Незалежнасці. Усё вельмі празаічна.
20 верасня, Марш справядлівасці. Вадзім
Зрабілі гэту фатаграфію 20 верасня каля плошчы Перамогі. Праз хвілін 20 мы з сябрам ужо былі ў счэпцы, прыціснутыя АМАПам да сцяны на вуліцы Змітрака Бядулі. А пасля — аўтазак, паўночы ў РУУС і некалькі сутак у Жодзіне з далейшым штрафам.
19 верасня, Жаночы марш. Святлана Квяткоўская
Фота зроблена на Сурганава за хвілін 15-20 да затрымання і трапляння ў спецтранспарт. Я была сярод апошніх, каго ўзялі, стаяла да канца ў счэпцы. Прапанавалі пайсці самастойна ў якасці альтэрнатывы быць прыцягнутай у транспарт сілай. Давялося, горда падняўшы галаву, прайсці ў аўтазак самой.
Дзяўчына, што стаяла побач са мной, вельмі пазітыўная была, мы хутка разгаварыліся, дагэтуль маем зносіны. Ехалі ў аўтазаку ў цёплай кампаніі, нават вось сэлфі паспелі запіліць (мужчыны ў масках не ацанілі).
30 жніўня, Марш міру і незалежнасці. Яўген
Сфатаграфаваў аўтазак, які пад'язджаў. Праз пару хвілін я ў ім апынуўся.
15 ліпеня. Журналісты Антон Трафімовіч і Віялета Саўчыц
Мы з Віялетай зрабілі сэлфі за паўгадзіны да затрымання. На той момант нас яшчэ ні разу не затрымлівалі. Гэта адбылося 15 ліпеня, падчас чаргі ў ЦВК.
6 верасня, Марш адзінства. Алеся
Гэта за 10 хвілін да затрымання. Палічыла гэту карцінку іранічнай.
18 кастрычніка, Марш партызанаў. Арцём Маёраў, журналіст “Белорусы и рынок”
За 15 хвілін да гэтай фатаграфіі я еў смачныя польскія цукеркі ў рэдакцыі па вуліцы Карла Маркса. Праз 15 хвілін пасля гэтай фатаграфіі — знаёміўся з хлопцамі, да якіх мяне падсялілі ў стакан аўтазака. Фота зроблена на вуліцы Кірава, недалёка ад стадыёна Дынама.
Мяне здзівіла, што так далёка ад мітынгу і так рана пачаліся затрыманні, таму хацеў зафіксаваць гэты момант. Не самая лепшая фатаграфія. 15 сутак за яе — гэта овэр-прайс.
19 чэрвеня, акцыя ў падтрымку затрыманых актывістаў. Марыя Вайтовіч, журналістка Еўрарадыё
Я зняла, як затрымліваюць журналістку "112 Украина", а потым мяне павялі ў той жа аўтазак.
27 жніўня, Сяргей Гапон, фотакарэспандэнт
На фатаграфіі — адзін з першых затрыманых каля Чырвонага касцёла 27 жніўня. Неўзабаве пад'ехаў аўтобус, на якім нас адвезлі ў Кастрычніцкае РУУС.
Гэта фатаграфія і зусім апошняя картка, якую я зрабіў на пратэстах. Праз дзень у мяне анулявалі акрэдытацыю.
Калі вы таксама з тых, у каго ёсць апошняе фота перад затрыманнем, — скіньце яго нам у "Тэлеграм" @euroradio_minsk.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.