Прэм'ер Польшчы даручыў МЗС прыняць рашучыя крокі ў адказ на прысуд Слаўнікавай
Польшча прыме меры ў адказ на сённяшні прысуд журналістцы Ірыне Слаўнікавай. Пра гэта напісаў у сваім акаўнце на Фэйсбуку прэм'ер-міністр краіны Матэвуш Маравецкі.
"Свабода прэсы, слова і бесперашкоднае права на самавыяўленне зʼяўляюцца асновамі дэмакратыі. Прысуд рэжыму Лукашэнкі журналістцы Ірыне Слаўнікавай — гэта абсалютны скандал, парушэнне ўсіх цывілізацыйных нормаў, правоў чалавека і стандартаў журналісцкай працы. На гэты непрымальны прысуд Польшча адкажа неадкладнай і рашучай рэакцыяй на міжнародным узроўні", — падкрэсліў кіраўнік польскага ўрада.
Па словах Маравецкага, ён даручыў МЗС прыняць "рашучыя крокі".
Ірына Слаўнікава — супрацоўніца польскага тэлеканала TVP і "Белсат". На закрытым судзе 3 жніўня ёй прысудзілі 5 гадоў калоніі. Яе прызналі вінаватай у "стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім" і ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх". За кратамі Слаўнікава знаходзіцца з кастрычніка 2021-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.