Пры нападзе з Беларусі полк Каліноўскага перакінуць на мяжу — мэр Жытоміра

Каліноўцы / Еўрарадыё
Каліноўцы / Еўрарадыё

У выпадку наступу з боку Беларусі на мяжу перакінуць полк Каліноўскага, які з'яўляецца падраздзяленнем УСУ. Пра гэта ў эфіры ўкраінскага тэлемарафона заявіў мэр Жытоміра Сяргей Сухамлін.

"Літаральна некалькі дзён таму ў мяне была сустрэча з кіраўніком палка Каліноўскага — гэта насамрэч сапраўдныя патрыёты Беларусі.І ў выпадку інтэрвенцыі з боку Беларусі гэты полк будзе здымацца з усходу і пераходзіць менавіта на беларускую мяжу, каб у першых шэрагах абараняць Украіну і потым вызваляць Беларусь ад дыктатара Лукашэнкі", — распавёў Сухамлін.

Ён не ўдакладніў, на які менавіта ўчастак прызначаны полк. Праўда, Сухамлін сказаў, што беларускія добраахвотнікі наладжваюць сувязі з Ровенскай, Валынскай і Жытомірскай абласцямі. У наступную сераду дэлегацыя чатырох абласцей плануе наведаць вайскоўцаў палка і перадаць ім аўтамабілі, квадракоптары ды інш.

Акрамя таго мэр Жытоміра падкрэсліў, што мяжа з Беларуссю ў вобласці надзейна ўмацаваная: там шмат фартыфікацыйных збудаванняў, пастаўленыя бетонныя агароджы. Цяпер на мяжы знаходзяцца падраздзялення ВСУ і тэрабароны.

Полк Каліноўскага складаюць беларускія добраахвотнікі. Пераважная большасць з іх апынулася ва Украіне па палітычных прычынах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі