"Пры ўсмешцы ў АІФа не назіраецца зубоў 5-6". Жонка Фядуты ўбачыла яго ў судзе
Аляксандр Фядута ў судзе / БелТА
Жонка Аляксандра Фядуты 29 ліпеня патрапіла на другую частку суда па "справе юрыста і пушкініста", раптоўна абвешчанага адкрытым. Там Марына Шыбко ўбачыла мужа.
Да таго ўжо было вядома, што Фядута за 470 дзён за кратамі прыкметна схуднеў. А вось як апісвае яго жонка:
"Я ўбачыла АІФа [Аляксандра Іосіфавіча Фядуту. — Еўрарадыё]... Схуднеў, ходзіць дрэнна, бо падагра адолела. Дазволілі кіёк перадаць у СІЗА. Пры ўсмешцы ў АІФа не назіраецца зубоў 5-6 (Юрый Дзетачкін з кіно), і пастрыжаны , адпаведна, кароценька. Кругі пад вачыма. Так, турма не ўпрыгожвае".
У судзе камунікацыя паміж падсуднымі і гледачамі забароненая. Тым не менш, Марына змагла перадаць прывітанні мужу і іншым абвінавачаным.
"Я паслала паветраныя пацалункі, усім памахала і павітала нашых. На заўвагу адказала, што больш сваволіць не буду, і паводзіла сябе добра. Мы моўчкі размаўлялі з Сашам, я чытала яму свае вершы і казала, што кахаю, кахаю, кахаю. Ён адказваў узаемнасцю і прасіў у мяне прабачэння. Думаю, што мы зразумелі адно аднаго".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.