Прыватныя клубы абавяжуць плаціць 2,9 млн? Рэчыцкі "Спадарожнік": мы не здужаем

Дырэктар "Спадарожніка" Алег Манастырскі і старшыня АБФФ Уладзімір Базанаў / Еўрарадыё
Дырэктар "Спадарожніка" Алег Манастырскі і старшыня АБФФ Уладзімір Базанаў / Еўрарадыё

Беларускія прыватныя футбольныя клубы могуць абавязаць перад пачаткам чэмпіянату ўносіць суму, эквівалентную прыкладна 2 900 000 рублёў. Пра гэта 6 ліпеня ў эфіры канала "Беларусь 5" сказаў кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў.

Магчыма, чыноўнікі хочуць гэта зрабіць для таго, каб дзякуючы фінансавай "падушцы бяспекі" клуб змог дагуляць у сезоне ў тым выпадку, калі, напрыклад, раптам сыдзе спонсар і скончацца грошы. Так адбылося з мінскім "Тарпеда" ў 2019 годзе, калі праз адсутнасць фінансавання клуб спачатку зняўся са спаборніцтваў у найвышэйшай лізе, а пазней і зусім быў расфармаваны. Але ці ўсім камандам пад сілу такая сума?

70% клубаў не пацягнуць

— Па логіцы гэта хочуць прыняць для фінансавых гарантый удзелу ў чэмпіянаце, хоць і незразумела, якім чынам. Нармальны недзяржаўны клуб для пачатку чэмпіянату такія грошы не забяспечыць. Калі толькі пад банкаўскія гарантыі, — расказвае Еўрарадыё камерцыйны дырэктар аднаго з беларускіх футбольных клубаў.

— Мы правядзём у найбліжэйшы час выканкам і вызначым правілы, па якіх павінны гуляць такія клубы, як Рэчыца, усе прыватныя клубы, — так у інтэрв'ю кажа Базанаў. Еўрарадыё датэлефанавалася дырэктару рэчыцкага "Спадарожніка" Алегу Манастырскаму. Той перакананы, што такі крок ад чыноўнікаў на яго клуб паўплывае не самым лепшым чынам.

— Напэўна, 70 адсоткаў футбольных клубаў не змогуць пакласці гэту суму. Такія прыватныя клубы, як, напрыклад, "Спадарожнік", — мы не зможам здужаць гэта, — расказвае Еўрарадыё Алег Манастырскі. — І што значыць "пакласці грошы"? Калі б нам сказалі пакласці два-тры мільёны на рахунак АБФФ і мы маглі б карыстацца гэтымі грашыма на працягу кожнага месяца, які праходзіць, то гэта іншая рэч. А калі проста пакласці, то гэта што такое?
 

Усіх у роўныя ўмовы

Частные клубы обяжут платить 2,9 млн? Речицкий "Спутник": "Мы не осилим"
Алег Манастырскі на матчы ў Мар'інай Горцы / "УКантакце"

Цяпер перад пачаткам чэмпіянату пры праходжанні ліцэнзавання прыватныя клубы павінны даваць у АБФФ фінансавыя гарантыі на сезон: інфармацыю пра сваіх заснавальнікаў і канкрэтныя сумы ад кожнага спонсара.

— Ну добра, ёсць дзяржаўныя клубы, напрыклад "Гомель", "Віцебск", "Гродна". Хай гэтыя клубы пакладуць тры мільёны! Чамусьці калі прыватны клуб — то трэба, а калі дзяржаўны — то не трэба, — абураецца дырэктар "Спадарожніка". — Калі і будзе такое, то хай будзе адзіным для ўсіх. Калі гэта футбол, то ён павінен развівацца па спартыўным прынцыпе.

Зрэшты, такое рашэнне яшчэ не прынятае. І ці будзе прынятае?

— Вы ж разумееце, што проста так нічога не бывае. Калі гэта заяўлена, значыць, гэта будзе выканана, — працягвае Алег Манастырскі. — І я лічу, што ў гэтым рашэнні ёсць рацыянальнае зерне, таму што ёсць падобная еўрапейская практыка. Але гэтым "зернем" павінны карыстацца ўсе, а не асобна ўзятыя каманды. Чамусьці па дзіцяча-юнацкім спорце мы ўсіх заганяем у адны рамкі, а тут "вы павінны, а вы нічога не павінны". Неяк не зусім зразумела.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі