Раманчук: Гэтыя выбары Захад не фінансуе

Еўрарадыё: За амаль паўтара тыдня, з 8-га па 17-га верасня, вы наведалі з візітам Нямеччыну, Аўстрыю і ЗША. Дзе былі, з кім сустракаліся і пра што гаварылі?

Яраслаў Раманчук: Мы правялі вельмі добрую паездку ў Берлін, дзе сустракаліся з прадстаўнікамі выканаўчай улады, шэфам канцылярыі Меркель, які, дарэчы, магчыма, будзе на нямецка-мінскім форуме на пачатку лістапада. Мы дыскутавалі наконт сітуацыі ў Беларусі, а таксама казалі пра палітыку Еўрасаюза на этапе перад прэзідэнцкімі выбарамі ў нашай краіне. І выказалі свае рэкамендацыі наконт таго, што, з нашага пункту гледжання, ім трэба зрабіць, каб працэсы дэмакратызацыі ў нашай краіне не запаволіць, а паскорыць. Я рабіў вялікую прэзентацыю сваёй праграмы, казаў пра тое, з чым мы ідзем на выбары, чаму нашая праграма выклікае інтарэс не толькі сярод палітыкаў, але і сярод бізнесменаў і прадпрымальнікаў. Былі сустрэчы з прадстаўнікамі бізнесу Нямеччыны. Іх вельмі цікавілі пытанні гандлю, Мытнага саюза і гэтак далей.

Сустрэчы ў Злучаных Штатах былі прысвечаныя крыху іншай тэматыцы, бо запрашэнне было міжурадавай арганізацыі “Супольнасць дэмакратый”. Мы таксама казалі пра стан дэмакратыі. Пра тое, ці адэкватныя тыя меры, якія прыкладаюць да таго, каб дэмакратыі стала больш. Маёй задачай было давесці да слухачоў інфармацыю пра стан з правамі чалавека ў Беларусі, са сродкамі масавай інфармацыі, з удзелам партый і грамадскіх арганізацый у прэзідэнцкіх выбарах. Я заклікаў увесь свет, каб больш пільна сачылі за падзеямі ў нашай краіне. Запрасіў іх назіральнікамі. Была ў мяне індывідуальная сустрэча з кангрэсменам Крыстаферам Смітам, аўтарам “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі”. Сміт сказаў, што калі яму дадуць візу, то ён прыедзе да нас назіральнікам і будзе з намі 19 снежня на плошчы а 20 гадзіне. Ён прывязе з сабой яшчэ 10 кангрэсменаў, якія будуць сачыць за тым, як будзе адбывацца падлік галасоў.

Гэта была завяршальная праца на пэўным этапе маёй перадвыбарнай кампаніі. Мая пазіцыя: 95% часу праводзіць у Беларусі, а 5% — гэта тая неабходная праца, якую трэба праводзіць за межамі краіны. Бо трэба людзей там інфармаваць пра тое, што тут адбываецца. Усе цікавяцца новымі тварамі ў Беларусі, новымі праграмамі. Ёсць інтарэс да таго, што я раблю, якая ў мяне каманда і куды я збіраюся весці нашую краіну.

Еўрарадыё: У Берліне вы “далі парады, як павінен паводзіць сябе Еўрасаюз”. Ці прыслухоўваюцца ў ЕС да тых рэкамендацый, якія ім даюць прадстаўнікі дэмакратычных сіл?

Яраслаў Раманчук: Думаю, што прыслухоўваюцца. Але тут вельмі важна, каб дэмакратычныя сілы казалі адным голасам. Дагэтуль былі розныя галасы, а зараз, думаю, меркаванняў з розных пунктаў гледжання будзе менш. Колькасць прэтэндэнтаў змяншаецца… Увогуле, тая спроба размаўляць з рэжымам Лукашэнкі паверх галоў дэмакратычных сілаў скончылася фіяска. Нямеччына з’яўляецца лідарам у еўрапейскай дыпламатыі, і трэба менавіта з нямецкімі дыпламатамі весці такі дыялог.

Еўрарадыё: Паездкі прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у Еўропу параджаюць чуткі, што ізноў, маўляў, паехалі па грошы. Дык вы ездзілі па грошы?

Яраслаў Раманчук: Не трэба слухаць хлусню беларускага тэлебачання і прапагандыстаў ад улады. Апазіцыя ніколі не ездзіць па грошы. Беларуская апазіцыя ездзіць, каб патлумачыць, што тут ёсць, і выказвае пажаданні, як нам дапамагчы. На сустрэчах такога ўзроўню пытанні грошай ніколі не ўздымаюцца. Кангрэсмены даюць сотні альбо мільёны долараў з кішэні? Такога няма. Фінансаванне грамадзянскай супольнасці, розных ініцыятыў знаходзіцца на мінімальным узроўні. Захад не з’яўляецца той крыніцай фінансавання, якая прысутнічае на гэтых прэзідэнцкіх выбарах. Мы ніколі па грошы не едзем.

Еўрарадыё: Вы сказалі, што кангрэсмен Сміт будзе з вамі на плошчы 19 снежня. Вы ўжо вырашылі, што будзе "плошча"?

Яраслаў Раманчук: АГП ніколі не была супраць "плошчы". Мы падпісалі стратэгію дэмакратычнай супольнасці, дзе гаворыцца пра тое, што як бы ні прайшлі выбары, на плошчы трэба збірацца. Мы сёння ўжо кажам, што 19 снежня а 20 гадзіне мы збіраемся, каб святкаваць пачатак новай Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі