А. Рар: "Еўропа не будзе глядзець на тое, ці пройдзе апазіцыя ў парламент"

"Мы паўсюль парушаем законы і вядзем выбары па паняццях Захаду і АБСЕ", - заявіў прэзідэнт Беларусі. Еўрарадыё запытала ў экспертаў, якія яшчэ беларускія законы трэба парушыць, каб Захад прызнаў гэтыя выбары.
Палітолаг Юрый Шаўцоў мяркуе, што Еўропа чакае допуску апазіцыі да сродкаў масавай інфармацыі.

Юрый Шаўцоў: "Перш за ўсё, апазіцыя павінна быць дапушчаная да электронных сродкаў масавай інфармацыі. Па-другое, яны чакаюць, каб у парламенце з'явіліся апазіцыянеры з ліку тых, якія б належылі да вядомай празаходняй групы і былі б вядомыя ў межах заходніх СМІ і дыпламатычнага корпусу. Па-трэцяе, я думаю, што яны чакаюць, каб у выніку гэтых выбараў адбыліся ясныя трансфармацыі ўнутры апазіцыйнага сектару".

На думку спадара Шаўцова, Захад прыслухаецца да апазіцыі, калі тая не прызнае выбары. Але праблема ў тым, што ў дэмсілаў няма самастойнай пазіцыі.

Палітолаг Аляксандр Рар кажа, што справа нават не ў тым, колькі чалавек ад апазіцыі пройдзе ў парламент.

Аляксандр Рар: "Галоўнае - Лукашэнка павінен даказаць, што падчас выбарнай кампаніі, якая зараз ідзе, няма парушэнняў, ёсць доступ да сродкаў масавай інфармацыі, нікога не ўразаюць, каб можна было канкураваць і спрачацца. Вось, калі Беларусь да 27-га пройдзе ўсю гэтую працэдуру, тады выбары Еўропа ў любым выпадку павінна будзе прызнаць. Нягледзячы на тое, якую колькасць месцаў атрымаюць прыхільнікі Лукашэнкі ці апазіцыі".

Былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч не шкадуе, што не ўдзельнічае ў выбарах ва ўмовах, калі ў апазіцыі з'явіўся шанец. Бо упэўнены, што менавіта яго ўлады ў парламент бы не пусцілі. Адзінае, на яго думку, што можа выратаваць выбары зараз, гэта калі незалежных назіральнікаў дапусцяць да падліку галасоў.

Аляксандр Мілінкевіч: "Я думаю, што Еўропе не трэба паніжаць планку празрыстасці выбараў для Беларусі. Планка павінна быць такой, як для ўсіх краінаў. Таму пакуль што сёння ну ніяк не выглядае, што выбары можна прызнаць. Адзінае, што магло б часткова ўратаваць выбары, гэта калі б назіральнікаў ад дэмакратычных кандыдатаў і міжнародных назіральнікаў дапусцілі да падліку галасоў. Але сёння я слаба веру ў гэта".

Галоўны скептык і прыхільнік байкоту Лявон Баршчэўскі не баіцца сапсаваць адносіны з Захадам з-за сваей "нязахаднай" пазіцыі наконт выбараў. Ен лічыць, што там разбяруцца, хто што значыць у сучаснай беларускай палітыцы.

Лявон Баршчэўскі: "Я спадзяюся, што зараз на нашым баку ёсць верныя паплечнікі, якія прымуць таксама адказнае рашэнне. І Захад глядзіць на таго, хто нешта робіць, і на таго, у каго нейкая сіла. А не на таго, хто, як кажуць, надзьмувае шчокі. Разбярэцца і Захад, разбярэцца і Усход, хто што ўяўляе сабой у сучаснай Беларусі. Нас гэта не так моцна хвалюе, як вы думаеце".

Такім чынам, пасля выбараў можа адбыцца, што Захад ужо не будзе размаўляць з беларускімі ўладамі "на мове" апазіцыі. Тым больш цікава, на якой мове будзе тады размаўляць апазіцыя з ўладамі і Захадам.

Фота: Deutsche Welle

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі