Расавіяцыя рэкамендуе сваім авіякампаніям лётаць без GPS
Самалёты расійскай авіякампаніі "Аэрафлот" / РІА Новости
Расавіяцыя рэкамендуе сваім авіякампаніям адмовіцца ад выкарыстання падчас палётаў глабальнай навігацыйнай спадарожнікавай сістэмы ЗША — GPS. Гэта звязана з магчымым глушэннем сігналаў, а таксама іх падменай. З такой праблемай можна сутыкнуцца падчас палётаў над Чорным морам, у раёне Калінінградскай вобласці, ва ўсходнім Міжземнамор'і і ля Фінляндыі. Пра гэта паведамляюць расійскія "Известия" са спасылкай на ліст намесніка кіраўніка Расавіяцыі Дзмітрыя Ядрова.
Пры ўзнікненні збояў або пры анамальнай працы GPS пілотам рэкамендуюць неадкладна паведаміць пра гэта авіядыспетчарам. Экіпажы мусяць быць гатовыя ўзляцець і прызямліцца без выкарыстання спадарожнікавага сігналу.
Інфармацыя пра збоі ў працы GPS у шэрагу рэгіёнаў з'явілася раней у бюлетэні "Агенцтва ЕС па бяспецы палётаў". Праз праблемы з сігналам самалётам у шэрагу выпадкаў давялося мяняць маршрут або нават пункт прызначэння, таму што яны не маглі бяспечна сесці. Праблемы з'явіліся пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.