Расія купіць частку суверэнітэту Беларусі: не падатковая інтэграцыя, а экспансія

Рэжыму так патрэбныя грошы, што на двух крэслах уседзець усё складаней / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Рэжыму так патрэбныя грошы, што на двух крэслах уседзець усё складаней / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Расія атрымае стратэгічную інфармацыю пра Беларусь і зможа яшчэ мацней і больш эфектыўна ціснуць на беларусаў. Такія вынікі дамовы паміж Масквой і Мінскам па агульных прынцыпах падаткаабкладання. Калі б ЕС ведаў пра беларускія падаткі столькі, колькі даведаецца Расія, то мог бы кропкавымі санкцыямі зрабіць рэжыму Лукашэнкі нашмат больш балюча, чым цяперашнімі сектаральнымі санкцыямі, лічаць эксперты. Затое вырашыцца пытанне з падатковым манеўрам, рапартуе прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка.

Еўрарадыё даведалася, чаму гэтая дамова нашмат горшая, чым калі б Беларусь губляла грошы ад падатковага манеўру.
 

Што ў дамове: прывязка да Расіі і падвышэнне падаткаў

Россия купит часть суверенитета Беларуси: не налоговая интеграция, а экспансия
Пуцін і Лукашэнка на сустрэчы ў Сочы / t.me/pul

Падпісаная дамова — вынік інтэграцыі па 28 праграмах, якія зацверджаны яшчэ 4 лістапада 2021 года. Згодна з ёй, да 1 студзеня 2023 года заканадаўства ў Беларусі і Расіі, якое датычыцца ўскосных падаткаў, павінна прыйсці да аднаго выгляду. Ускосныя падаткі — ПДВ і акцызы. Ускосныя яны таму, што закладваюцца ў кошт тавараў і паслуг. Плацяць іх усе беларусы, але не наўпрост.

Праз дамову гэтыя падаткі ў Беларусі нельга будзе так проста знізіць. Напрыклад, стаўкі акцызаў на мінімальны пералік тавараў — тытунь, паліва і алкаголь — павінны быць не ніжэйшыя за пэўны ўзровень. Яшчэ, паводле дамовы, павінны паступова расці стаўкі на ўсе падакцызныя тавары. Гэта значыць, яны будуць даражэць.

Россия купит часть суверенитета Беларуси: не налоговая интеграция, а экспансия
Фрагмент дамовы з умовамі / static.government.ru

"Расія зможа ў большай ступені маніпуляваць"

Беларусь страціла значную частку суверэнітэту ў падатковай сферы, лічыць сузаснавальнік і кіраўнік АВВА, сябра эканамічнай каманды Офіса Святланы Ціханоўскай Яўген Буры.

— Цяпер расійская падатковая служба або іншая атрымліваюць доступ да баз падаткаплацельшчыкаў беларускіх. Як гэта будзе выкарыстана расійскімі ўладамі? Улічваючы, як яны сябе паводзяць ва ўсіх адносінах, можам толькі здагадвацца. Гэта добры падмурак для рэйдарскіх захопаў найбольш паспяховага беларускага бізнесу. Гэта ліквідацыя канкурэнцыі, таму што калі Расія не дае згоды на зніжэнне ставак акцызаў ці іншых падаткаў, то зразумела, што гэта не канкурэнцыя, калі бізнес быў, напрыклад, пераарыентаваны ў Расію.

Падаткі — гэта заўсёды павінна быць суверэннай справай краіны. Магу растлумачыць гэта толькі адным словам — агонія. Гэта здача незалежнасці ўжо ў фінансава-эканамічнай сферы, і па-іншаму гэта ніяк не назваць, — падкрэслівае Буры.

Меркаваць пра тое, ці будуць рэйды на беларускі бізнес, пакуль рана, лічыць Леў Львоўскі. Пры гэтым эксперт згодны, што суверэнітэт тут — ключавое.

Россия купит часть суверенитета Беларуси: не налоговая интеграция, а экспансия
Самастойнасць лепш бы зусім не прадаваць / Reuters

Дакладная сума пакуль невядомая, але паступаць нейкія сродкі павінны штомесяц. Гэта будзе кампенсацыя за тое, што Беларусь купляе расійскую нафту амаль па сусветных цэнах. Выплаты будуць залежаць ад таго, якой будзе сусветная цана нафты URALS, якімі будуць аб'ёмы паставак у Беларусь і што будуць рабіць беларускія НПЗ.

Паводле ацэнак старшага навуковага супрацоўніка BEROC Дзмітрыя Крука, за 2023–2024 гады Беларусь атрымае ўсяго $1 млрд. Толькі ад экспарту ва Украіну за 2021-ы наша краіна атрымала больш за $5,4 млрд. У кожным разе варта памятаць, што ў абмен Беларусь паглыбляецца ў яшчэ большую залежнасць ад Расіі.

Калі ж будуць парушэнні ў зборы падаткаў або інфармацыя будзе адпраўленая Расіі нясвоечасова або не ў поўнай форме, то ад выплат расійскі бок можа адмовіцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі