Расія прызнала пашпарты ДНР/ЛНР

Расія прызнала пашпарты ДНР/ЛНР

Расія прызнала сапраўднымі пашпарты ДНР / ЛНР, а таксама іншыя дакументы для ідэнтыфікацыі асобы, якія выдаюць улады самаабвешчаных рэспублік. Адпаведны ўказ падпісаў 18 лютага прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. У дакуменце адзначаецца, што ён падпісаны “ў мэтах абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна” са спасылкай на “агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага гуманітарнага права”.

Апроч пашпартоў, прызнаныя таксама пасведчанні асобы, дакументы аб адукацыі і кваліфікацыі, пасведчанні аб нараджэнні, заключэнні або скасаванні шлюбу, змене імені, аб смерці, рэгістрацыі транспартных сродкаў, рэгістрацыйныя знакі транспартных сродкаў, паведамляе УНІАН.

Ва ўказе расійскага прэзідэнта адзначана, што дакументы самаабвешчаных рэспублік прызнаюцца часова, да ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе. Па гэтых пашпартах можна ехаць у Расію без афармлення візы, карыстацца паслугамі Расійскай чыгункі, авіякампаній і гатэляў.

Тым часам прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка на брыфінгу ў Мюнхене заявіў, што прызнанне дакументаў ДНР / ЛНР з’яўляецца чарговым сведчаннем акупацыі Расіяй усходнеўкраінскіх тэрыторыяў, перадае тэлеканал “112 Украіна”.

“Для мяне гэта з'яўляецца чарговым доказам і расейскай акупацыі, і расійскага парушэнні міжнароднага права. Вельмі сімвалічна, што гэта адбылося цынічна падчас правядзення Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы”, — сказаў Парашэнка.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі