Расія выкарыстала пры абстрэле Харкава балістычную ракету з КНДР — ААН

Харкаў пасля абстрэлу 2 студзеня 2024 года

Харкаў пасля абстрэлу 2 студзеня 2024 года / @dsns_telegram

Як мінімум адна ракета, якой быў абстраляны ўкраінскі Харкаў 2 студзеня, была зробленая ў КНДР. Гаворка ідзе пра балістычную ракету серыі "Хвасон-11". Яе абломкі знайшлі ў Харкаве, піша агенцтва Reuters са спасылкай на даклад назіральнікаў ААН за санкцыямі. Даклад быў прадстаўлены Савету Бяспекі.

Прадстаўнікі ААН наведалі Украіну ў пачатку красавіка. Яны не знайшлі доказаў таго, што ракета была зробленая ў Расіі. А "інфармацыя аб траекторыі, пададзеная ўкраінскімі ўладамі, паказвае на тое, што яе запусцілі з тэрыторыі Расійскай Федэрацыі", — гаворыцца ў дакладзе. Напрошваецца выснова, што Расія закупляе паўночнакарэйскія ракеты і парушае эмбарга на пастаўкі зброі, уведзенае супраць Паўночнай Карэі ў 2006 годзе.

Агенцтва нагадвае, што на пасяджэнні Рады Бяспекі ААН у лютым ЗША ўжо абвінавачвалі Расію ў запуску пастаўленых КНДР балістычных ракет. Паводле звестак амерыканскага боку, такія ракеты запускаліся супраць Украіны як мінімум дзевяць разоў.

І Масква, і Пхеньян усе абвінавачванні дагэтуль адпрэчвалі. Але летась бакі абмяркоўвалі і ваенныя адносіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі