Расія закручвае кран энергетычнай падтрымкі

Ян Чэнскі пра ўплыў павелічэння коштаў на газ Візіт на гродзенскую азотную фабрыку пачынаецца з таго, што адміністрацыя ганарліва дэманструе сваё найноўшае дасягненне — не мноства дымаходаў, труб і не новыя будынкі, у якіх адбываецца перапрацоўка прыроднага газу ва ўгнаенні, — a новы завод, створаны з мэтай паменшыць залежнасць ад прыроднага газу.

Прычынай гэтаму тое, што танная расійская энергія, якая карміла беларускую эканоміку з савецкіх часоў, паступова даражэе. Кожны завод у першую чаргу турбуецца аб эканоміі энергіі, бо аўтарытарны рэжым прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ўсімі сіламі спрабуе адшукаць сродкі для аплаты газу і абгарадзіць вытворчасць і насельніцтва ад росту коштаў.
 
Беларускі эканамічны цуд, які дазволіў эканоміцы расці на 8.3% у год з 2002 года, быў заснаваны на імпарце таннай расійскай энергіі і стабільным экспарце прадуктаў савецкага тыпу ў зваротным накірунку. Беларусь мела як мінімум 3 мільярда долараў чыстага гадавога прыбытку на ачыстцы ільготнай расійскай сырой нафты і яе экспарце на Захад.
 
Праграма Лукашэнкі працавала, нягледзячы на моцнае парушэнне эканамічных традыцый. У беларусаў адзін з самых высокіх прыбыткаў на душу насельніцтва сярод рэспублік былога СССР, нізкі ўзровень беспрацоўя, добрая сістэма адукацыі і больш раўнамернае размеркаванне сродкаў у параўнанні з Расіяй і Ўкраінай.
 
"Нам удалося захаваць нашую эканоміку," - сказаў Лукашэнка ў нядаўнім інтэрв'ю.
 
Паводле незалежнага эксперта Леаніда Заікі, падчас росквіту беларускай эканомікі ў 2006 годзе, калі краіна плаціла 46.68 долараў за тысячу кубаметраў газу (меней за адну пятую еўрапейскага кошту), расійскія энергетычныя субсідыі складалі 7 мільярдаў долараў, альбо каля 30% ВУП.
 
З тых часоў Расія закруціла гайкі і прымусіла Мінск пагадзіцца прыйсці да еўрапейскай цаны да 2011 году. Агідная дыскусія прывяла да таго, што Масква часова перакрыла пастаўкі нафты і газу ў 2007 годзе. Беларусь імпартуе прыкладна 21.5 мільярдаў кубаметраў газу ў год, а еўрапейская цана дасягнула $500 у 2008 годзе, хоць чакаецца, што яна ўпадзе ў 2009-м.
 
Рост коштаў на газ стварае велізарныя праблемы, бо грошы, заробленыя на мінулай здзелцы з Масквой, не былі выкарыстаныя для мадэрнізацыі эканомікі. Яны субсідавалі велізарную дзяржаву сацыяльнага забеспячэння, створаную Лукашэнкам з мэтай ахаваць народ ад беспарадкаў, якія пракаціліся па савецкай імперыі пасля яе развалу. 
 
Зараз Беларусі, якая мае доўг у 14 мільярдаў долараў, не хапае наяўнасці, і яна звяртаецца да Расіі з просьбай аб 2-мільярдным крэдыце. У той жа час краіна просіць Міжнародны Валютны Фонд выдзяліць 2 мільярда долараў у якасці крэдыту. Рэйтынгавае агенцтва Standard & Poors нядаўна панізіла беларускія перспектывы да адмоўных з-за шоку, пароджанага коштамі на энергію, з-за ўмоў гандлю, якія пагаршаюцца. 
 
Змена коштаў на энергію ўзрушыла беларускую эканоміку, але гэты ўплыў быў першапачаткова змякчаны ростам экспарту ў Расію і павышэннем коштаў на ачышчаную нафту, якая прадаецца Захаду. Аднак сусветны крызіс і падзенне коштаў на нафту выбілі глебу з-пад ног беларускай эканомікі з-за свайго ўплыву на Расію і Ўкраіну - два вядучых рынка экспарту.
 
"Пагаршэнне ўмоў вонкавага гандлю створыць праблемы нашым экспарцёрам"

"Першая фаза крызісу паўплывала на Беларусь мінімальна", - кажа Васіль Мацюшэўскі, намеснік дырэктара нацыянальнага банка. "Аднак мы чакаем, што ўмовы вонкавага гандлю, якія пагаршаюцца, створаць праблемы нашым экспарцёрам у другой фазе."
 
Кампанія "Мілавіца", мінскі вытворца сподняй бялізны і адно з паспяховых беларускіх прыватных прадпрыемстваў, нядаўна заўважыла павелічэнне праблем падчас працы са сваімі партнёрамі ў Расіі, Казахстане і Ўкраіне. Ім плацяць у мясцовай валюце, а рахункі выстаўляюць у еўра, якое расце ў цане.
 
Вялікая частка беларускага гандлю гэта прадукты кшталту ўгнаенняў, якія вырабляюцца на гродзенскай азотнай фабрыцы — яна мае свой выхад на Ямальскі  нафтаправод, што пастаўляе расійскі газ у Заходнюю Еўропу. Іншыя сферы — машыннае абсталяванне, трактары і грузавікі, вялікая частка якіх вырабляецца для рэспублік былога Савецкага Саюза. Іх якасць недастаткова высокая для экспарту ў Еўропу.
 
"Наша ніша ― вытворчасць недарагіх транспартных сродкаў для расійскага рынка", - кажа Аляксандр Картыннік, дырэктар МАЗа, сумеснага нямецка-беларускага прадпрыемства, якое вырабляе грузавікі, пад'ёмнікі і генератары.
 
Рост коштаў на энергію спарадзіў рэформы. Фіксаваны падаходны падатак у 12% будзе ўведзены ў наступным годзе, а ўрад, які кантралюе тры чвэрці эканомікі, плануе прадаць амаль 600 дзяржпрадпрыемстваў. Кантроль над дэпазітамі ў замежнай валюце быў адменены, што прывяло да прытоку ўкладаў у беларускія банкі. Бюракратыя таксама была ўрэзаная, што дазволіла мясцовым уладам прымаць больш інвестыцыйных рашэнняў без неабходнасці кансультавацца з Мінскам.
 
Паводле апошняй дзелавой справаздачы Сусветнага Банку, Беларусь займае 85-ю пазіцыю і з'яўляецца 4-й у рэйтынгу лепшых рэфарматараў. Мэта ўраду — пападанне краіны ў трыццатку лепшых на працягу бліжэйшых трох гадоў.
 
Гэта азначае ключавыя змены ў палітыцы Лукашэнкі, які прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе дзякуючы папулісцкім абяцанням спыніць рэформы і прыватызацыю. Невялікі знешні доўг (усяго 18% ВУП), высокі прыбытак і ўзровень адукацыі насельніцтва даюць Беларусі шанец прыцягнуць замежных інвестараў і крыху адхіліцца ад Расіі. Цаной за гэта стануць памяншэнне кантролю з боку дзяржавы і паслабленне сацыяльных пераваг, якія дазволілі Лукашэнку пратрымацца ва ўладзе 14 гадоў.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі