Расіяне – найгоршыя турысты ў свеце?
Абвінавачанні будуюцца на тым, што расійскія турысты хапаюць як мага болей прадуктаў са шведскіх сталоў, лаюцца ў публічных месцах, лезуць без чаргі ў барах і крамах, каб абслугоўвацца першымі. Да таго ж, расійскія турысты часцяком бяруць да сябе ў пакой гатэльныя шэзлонгі і ручнікі, каб "забіць" сабе месца каля басейна на наступную раніцу.
Кацярына, грамадзянка Беларусі, мінулым летам адпачывала ў турэцкім горадзе Аланія. Яна не ўпадабала ў расійскіх турыстах тое ж, пра што гаворыцца ў брытанскім апытанні.
Па словах брытанскага эксперта ў сферы турызму Гары Х'юіта, "расіяне — гэта "новыя немцы", толькі яны мудрагеліста апранаюцца, асабліва мужчыны, ды пры якіх заўсёды на 20 гадоў маладзейшая жонка ці дзяўчына". Мажліва, гэта спроба брытанцаў палепшыць сваё ранейшае рэнамэ.
Але нашая беларуская турыстка можа з пэўнасцю пагадзіцца з высновамі даследавання.
Кацярына: "Я магу сказаць, што яны вельмі крыклівыя, яны вельмі нахабна сябе паводзяць, ставяцца да персаналу гатэлю як да ніжэйшых істот, яны лічаць, што ўсе іх павінны абслугоўваць, што гэта іхныя слугі... Калі пачынаўся абед, вячэра, то ўсе расійскія турысты проста выстройваліся ў чаргу, каб першымі схапіць лепшы кавалак мяса. На іх са здзіўленнем глядзелі немцы, палякі, але расійскім турыстам было ўсё роўна ".
Шмат якія еўрапейцы не адрозніваюць расійцаў і беларусаў. Таму часам беларускія турысты пачуваюцца няёмка, калі іх прымаюць за расійцаў.
Кацярына: "Мне было непрыемна, і я стараліся лішні раз не размаўляць па-расійску, каб не прыцягваць да сябе ўвагу, і каб мяне не прынялі за расійскую турыстку".
У пошуках месца, дзе людзі ў стане адрозніць прадстаўнікоў дзвюх нацый, Еўрарадыё выйшла на вуліцы Варшавы, каб спытаць: ці бачаць палякі адрозненне паміж расійцамі і беларусамі?
Старшыня Турыстычнага інфармацыйнага цэнтру ў Варшаве Марэк Крэшэўскі: "Розніцы я не бачу. Для мяне ўсе турысты: з Расіі, Італіі ці Германіі — гэта турысты. І ўсе хочуць пагуляць, паразмаўляць... Я з імі шмат гаманю па-расійску, я люблю размаўляць па-расійску ".
Еўрарадыё спытала Марэка, ці бачыў ён выпадкі благіх паводзін расійскіх альбо беларускіх турыстаў, пра якія засведчыла брытанскае апытанне.
Марэк Крэшэўскі: "Я не бачыў гэтага ў Польшчы. Турыстаў з Расіі ўсё цікавіць. Яны прыязджаюць, каб пагуляць па горадзе, зрабіць пакупкі. Але адрозніць нельга, ці з Расіі, ці з Беларусі, ці з Украіны".
Адзінае, што хоча Марэк — каб болей турыстаў з Беларусі і Расіі прыязджалі ў Варшаву.
Марэк Крэшэўскі: "Мне падабаюцца турысты з Расіі, Беларусі, Украіны. Я б хацеў, каб іх тут было шмат. Але сёлета іх было не так шмат, як раней, у сувязі з крызісам".
На падставе гэтага Еўрарадыё можа даць пару парадаў на наступныя вакацыі. Па-першае, калі афіцыянтка ў Іспаніі альбо Турцыі чамусьці не хоча вас абслугоўваць, можа, гэта не таму, што яна не любіць беларусаў. Паспрабуйце паказаць ёй свой пашпарт, каб запэўніць што вы не з Расіі. Па-другое — што наконт таго, каб правесці наступны адпачынак у Польшчы?..
Фота — http://www.liguriaservice.ru/