Расійскія серыялы і пошукі НЛА: колькі беларускага на беларускім ТБ?

Расійскія серыялы і пошукі НЛА: колькі беларускага на беларускім ТБ?

Беларускім тэлеканалам трэба адыходзіць ад “замежных платформаў” і больш ствараць сваёй тэлепрадукцыі. Пра гэта заявіў (чытай: загадаў) галоўны кантэнтмейкер беларускіх навін Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ.

Еўрарадыё вырашыла праверыць, колькі беларускага зараз на беларускім тэлебачанні. Возьмем “гігантаў” нашага блакітнага экрана — тэлеканалы “Беларусь 1”, СТБ і АНТ — і праглядзім іх праграму перадач за панядзелак, 10 лютага. Можа, менавіта яна і раззлавала кіраўніка краіны перад сустрэчай з топамі айчынных медыя?

“Беларусь 1”

“Першы беларускі” будзіць гледачоў “Гімнам Беларусі” а 6-й раніцы. Навіны, ранішняя перадача, прагноз надвор’я і крымінальная хроніка — уласны кантэнт трымае эфір ажно 4 гадзіны 40 хвілін. Аднак ужо ў 10:40 шчаслівых уладальнікаў вольнага часу вітае расійская мыльная опера “Дожить до любви”. Серыялы вытворчасці Расіі з перапынкамі на навіны, крымінальную хроніку, перадачы “Белорусское времечко” і “Панарама” будуць ісці на працягу ўсяго дня.

Расійскія серыялы і пошукі НЛА: колькі беларускага на беларускім ТБ?
Зялёным колерам падкрэслілі родненькі кантэнт.

Цікавы факт: у праграме на сайце Белтэлерадыёкампаніі сустракаем “Зону Х” двух відаў: 12+ і 16+. Гэта такі новы жанр — лайтовыя крымінальныя навіны? Ці гэта стрымы з інспекцыі па справах непаўналетніх?

Лёгкімі падлікамі атрымліваем 12 гадзін 5 хвілін “нашай тэлепрадукцыі” з 18 гадзін 45 хвілін усяго эфіру. Альбо 63%. Хм, можа, дарма Лукашэнка крытыкаваў нашых тэлевізійнікаў?    

Як аказалася, нам проста пашчасціла з панядзелкам. Прэс-сакратар “Белтэлерадыёкампаніі” Святлана Смалонская-Краскоўская ў каментары Еўрарадыё паведаміла, што галоўны канал дзяржаўнага медыяхолдынга агулам выпускае ў эфір 42,7% праграм сваёй вытворчасці. 

СТБ 

Але варта пераключыцца на “Сталічнае тэлебачанне”, як нас сустракае процьма замежнага кантэнту. У асноўным гэта псеўданавуковыя перадачы вытворчасці легендарных паляўнічых на НЛА — расійскага тэлеканала “РЕН-ТВ”.

Расійскія серыялы і пошукі НЛА: колькі беларускага на беларускім ТБ?

Атрымліваем толькі... 32% нашага, беларускага, кантэнту.

АНТ

Больш за ўсё на нарадзе дасталося тэлеканалу АНТ. Лукашэнка прывёў тое, колькі тут “чужога” кантэнту, у прыклад астатнім: маўляў, не трэба так!

АНТ, груба кажучы, накладае сваё вяшчанне паверх расійскага тэлеканала “Первый”. Як было сказана ў слогане АНТ на пачатку запуску праекта: “Не вместо, а вместе!”

У эфіры, які складае 19 гадзін 20 хвілін, амаль усе цуды расійскіх непалітычных шоу: “Давай поженимся!”, “Модный приговор” і “Пусть говорят”. Нікуды і без расійскіх серыялаў. Кантэнт “Першага” займае 14 гадзін 30 хвілін.   

Менш за 5 гадзін дасталіся “Нашай раніцы”, “Нашым навінам” і праграме “Контуры”. Гэта значыць... 27%.   

Нядаўна тэлеканал АНТ анансаваў выпуск серыяла сваёй вытворчасці. З яго выхадам адсоткі ўласнага кантэнту дакладна зменяцца ў пазітыўны бок. Кіраўніцтву тэлеканала застаецца толькі маліцца, каб ён за сямейным праглядам спадабаўся Аляксандру Лукашэнку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі