Re1ikt — слухачам Еўрарадыё: Галіцца не збіраемся

Re1ikt — слухачам Еўрарадыё: Галіцца не збіраемся

7 снежня ў клубе мінскім Re:Public гурт Re1ikt прэзентуе свой новы альбом “Лекавыя травы”. І вось напярэдадні важнай даты стомленыя пасля працоўнага дня музыкі каманды Аляксандр Дзямідзенка, Уладзімір Казлоў і Віталь Макшун з’яўляюцца ў студыі Еўрарадыё, граюць невялікі акустычны канцэрт і адказваюць на пытанні слухачоў.

Яўген Відзічэнкаў: Раскажыце рэцэпт прыемнага і карыснага цёплага напою гэтай зімой. (Ці можна ўсе інгрэдыенты купіць на Камароўцы?!)

Аляксандр Дзямідзенка: Вядома, можна! Можна пахадзіць па Камароўцы, тым больш, цяпер, калі сезон скончыўся, іх там і трэба шукаць! Бярыце календулу, мяту, мелісу, чабор, крыху лімончыка, лыжачку мёду — напой гатовы!

Яўген Відзічэнкаў: Ці ўбачым мы сюрпрызы на канцэрце, напрыклад, ваш выхад на сцэну без барод?

Аляксандр Дзямідзенка: Не (смяюцца)! Бо мы запланавалі толькі выхад з бародамі. Будзе іншы сюрпрыз, сюрпрыз-загадка: на пачатку выступу адзін чалавек будзе граць на рыбе, але на якой —даведаецеся, калі завітаеце на прэзентацыю "Лекавых траваў”.

Яўген Відзічэнкаў: Колькі рэальных людзей вы ўжо паспелі вылечыць?

Уладзімір Казлоў: Я лічу, што вельмі шмат людзей: як толькі ў іх жыцці з'яўляецца гурт Re1ikt, яны падсілкоўваюцца і сыходзяць. Але на іх месца прыходзяць новыя. То бок, адбываецца такі кругазварот слухачоў гурта Re1ikt у прыродзе. Але ёсць тыя, хто не сыходзіць, і мы ім вельмі ўдзячныя, бо нягледзячы на нашы абяцанкі і тое, што мы апошні час гралі ў асноўным песні з папярэдняга альбома "Рэкі прабілі лёд", яны чакалі новай кружэлкі і хадзілі на канцэрты.

Re1ikt — слухачам Еўрарадыё: Галіцца не збіраемся

Пытаецца [email protected]: Каго з прадстаўнікоў беларускага шоў-бізу вы хацелі б вылечыць вашымі лекавымi травамі?

Аляксандр Дзямідзенка: Напэўна, вылечыць сам шоў-біз было б няблага. Усё! (смяюцца).

[email protected]: Ці дапамогуць вашы лекі Саладуху?

Уладзімір Казлоў: А што, ён захварэў? У такім выпадку, натуральна! Калі ён прыйдзе на наш выступ, і даведаецца, што ёсць хлопцы, якія робяць драйвовую, цяжкую, прыгожую і вельмі гарманічную музыку, яму стане лепей.

Пытаецца I`m Buzinaeva: З якiмi беларускiмi гiстарычнымi асобамi вы сябе асацыюеце (Вітаўт, Ягайла, Альгерд, Каліноўскі i г.д.)?.

Аляксандр Дзямідзенка: Мне хацелася б асацыяваць сабе з пісьменнікам Янам Баршчэўскім, бо я люблю міфы, легенды і розныя казкі. І хацелася б, вядома, мець вольны час, каб збіраць беларускі фальклор і яго неяк сістэматызаваць. І яшчэ пісаць кнігі. Пішу паціху, але выйдзе гэта праз гадоў, напэўна, трыццаць. І гэта не будзе аповед пра жыццё гурта Re1ikt, а які-небудзь трылер.

Віталь Макшун: А я сябе асацыюю выключна з нейкім беларускім хлопчыкам, які ўсё жыццё быў у цені, але ён зрабіў гэта, і стаў рок-зоркай! (смяюцца).

Пытаецца Таццяна Бусел: Як вам удаецца падтрымліваць сяброўскія адносіны на працягу ўсяго творчага шляху?

Аляксандр Дзямідзенка: Некалі мы ўжо вызначылі для сябе, што хочам, каб 2+2 было 5 — такі эфект сінергізму. Таму для нас высокія мэты — ствараць добрую беларускую музыку, паляпшаць культуру і рабіць рэлікты для нашых нашчадкаў, важнейшыя за асабістыя адносіны. Такое бачанне працы разам дазваляе не псіхаваць, не сварыцца, а рабіць сваю справу.

Re1ikt — слухачам Еўрарадыё: Галіцца не збіраемся

Пытаецца Nad: Добры вечар! Жууудасна цікава даведацца меркаванне з Алімпу: якімі для вас са сцэны бачацца вашы прыхільнікі? Ці ёсць людзі, якіх вы запамінаеце? Кшталту: "АГА! Паглядзіце! Зноў той хлопец з зялёнымі валасамі!".

Аляксандр Дзямідзенка: Ёсць некалькі адметнасцяў, па якіх можна распазнаць нашых слухачоў: па-першае, гэта вельмі прыгожыя людзі, па-другое, амаль усе слухачы “Рэлікта” маюць ці нейкую творчую прафесію, ці калятворчую — гэта мастакі, фатографы, рэжысёры і проста таленавітыя людзі ў сваёй галіне.

Пытаецца Alina Skrebunova: Ці патрэбны вам пяты чалавек у калектыў? Хто? Ці з’явіцца ў вашым калектыве дзяўчына?

Аляксандр Дзямідзенка: Нам патрэбны і пяты, і шосты, і сёмы, таму што мы не будзем стаяць на месцы, а рабіць нешта адрознае ад папярэдніх прац — у нас ужо планаў на дзесяць альбомаў. Напрыклад, мне цікава папрацаваць са струнным квартэтам. Але ўжо і на “Лекавых травах” было банджа, на якім нам падыграў добры сябар і вельмі цікавы бард Аляксей Бор. То бок, будзе ў нас супрацоўніцтва і з дзяўчынкамі, і з мужчынкамі, і нават з дзіцячым хорам. Ідэй шмат, галоўнае знайсці на гэта ўсё час.

Пытаецца Павел: Вітаю гурт і калектыў euroradio! Назва "Лекавыя травы" натхняе на думкі пра яднанне чалавека з прыродай, зварот да першаснай існасці, каранёў, і, напэўна, нясе ў сабе таксама экалагічны аспект. Як вы, як гурт ці кожны паасобку, спрыяеце захаванню прыроды Беларусі?

Аляксандр Дзямідзенка: Асабіста я асобна выкідаю смецце: паперу, пластмасу і арганіку. Апроч таго, я не набываю поліэтыленавыя пакеты ў краме, бо маю з сабой заўсёды палатняную торбачку. Да таго ж, езджу на працу на грамадскім транспарце: не выкарыстоўваю машыну, каб не забруджваць горад выхлапнымі газамі. Гэта мая пазіцыя — ездзіць на машыне толькі тады, калі без яе ну ніяк.

Віталь Макшун: Я, як і ўсе добрыя грамадзяне і жыхары нашага горада, таксама стараюся як мага "экалагічней" сябе паводзіць: напрыклад, ніколі не выкідаю смецце не ў сметніцу. І ў мяне няма аўтамабіля.

Аляксандр Дзямідзенка: У Віталіка прынцыповая пазіцыя: не набывае машыну, каб не забруджваць горад.

Уладзімір Казлоў: Калі да нас звяртаюцца сябры з арганізацый, якія займаюцца падтрымкай прыроды, мы ідзем насустрач. Удзельнічалі ў акцыі Гадзіна Зямлі. Асабіста я запісваў аўдыёролік для партала “Багна”, які здымаў фільм пра беларускія балоты.

Re1ikt — слухачам Еўрарадыё: Галіцца не збіраемся

Alina Skrebunova: Разам з выпускам новага альбома вы выпусцілі і шэраг прома-прадукцыі, сярод якой цішоткі і світшоты. Чаму менавіта такі прынт на іх? Якія яшчэ варыянты прынта разглядаліся ў якасці магчымых? І чаму абралі гэты?

Аляксандр Дзямідзенка: Я распрацаваў чатыры прынты, якія адпавядаюць кожнаму ўдзельніку гурта. Першы, які мы выпусцілі, — гэта паляшук. Другі прынт — гэта воўк, мы акурат рыхтуем торбы з яго выявай, таму што цяпер Піліпаўка, калі ваўкі пачынаюць выць, і такім чынам падыгралі народнаму календару. А наступныя прынты пакуль патрымаем у сакрэце.

Alina Skrebunova: Апішыце свой гурт праз пяць гадоў, якім ён будзе?

Уладзімір Казлоў: Мне падаецца, што наша музыка стане яшчэ чысцейшай і больш крыштальнай, будзе больш атмасферных песень і інструментаў, якія мы цяпер не выкарыстоўваем. І нашы бароды стануць яшчэ даўжэйшымі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі