Гурту Re1ikt забаранілі збіраць грошы для дабрачыннага праекта “Клубны дом”

Гурту Re1ikt забаранілі збіраць грошы для дабрачыннага праекта “Клубны дом”

12 жніўня гурт Re1ikt даў вялікі сольны канцэрт у Мінску ў межах музычнага вулічнага праекту “Пешаходка”.

“Мы ведалі, што там будзе бясплатны ўваход, таму вырашылі далучыць да выступу нешта карыснае і цікавае, — распавядае бубнач гурта Аляксандр Дземідзенка. — Таму мы вырашылі дапамагчы дабрачыннаму праекту “Клубны дом “Адкрытая душа”, які дапамагае людзям, якія аднаўляюцца пасля псіхічных захворванняў і толькі выйшлі з адпаведных медыцынскіх установаў. Ім сапраўды патрэбная дапамога, таму мы вырашылі, што на канцэрце будзе шмат людзей і ў нас атрымаецца сабраць нейкія грошы для іх. Але нам гэта зрабіць не дазволілі”.

Дырэктар “Клубнага домаВольга Рыбчынская разам з часопісам “Імёны”, які стала падтрымлівае праект, спрабавалі атрымаць афіцыйны дазвол на ўстаноўку скрыні для збору сродкаў падчас выступу Re1ikt. Але чыноўнікі Мінгарвыканкама адмовілі, матываваўшы гэта тым, што на фестывалі “Пешаходка” “забаронена займацца жабраваннем, а таксама спаганяць грошы за выступы”.

“Абсалютна не ведаю, што на гэты конт можна адкаментаваць, — кажа каардынатар “ПешаходкіУладзіслаў Пінчук. — Натуральна, што мы будзем нешта рабіць, вырашаць, каб далей улічваліся пажаданні ўсіх бакоў, як горада, так і ўдзельнікаў ды арганізатараў. Пачуйце мяне правільна. Мая пазіцыя, што нават гэта незразумелая сітуацыя, якая была ў выхадныя, гэта чарговы крок наперад. У кожным выпадку нешта будзе. І ў гэтым я бачу не праблему, а станоўчы вынік, які дасць магчымасць нешта вырашаць далей”.

Можна было рызыкнуць, і без афіцыйнага дазволу паставіць скрыню для грошай, але музыкі Re1ikt вырашылі не ствараць праблем ні фестывалю, ні арганізатарам. Таму падчас выступу проста распавялі пра праект і яго працу.

Праект “Клубны дом” пэўны час фінансаваўся з дзяржаўнага бюджэту, аднак цяпер існуе толькі на ахвяраванні. Для таго, каб аплачваць працу сацыяльных работнікаў, арэнду памяшкання, паслугі сувязі і іншыя выдаткі цягам года патрэбна назбіраць 39468 рублёў. Усю неабходную інфармацыю, каб падтрымаць праект “Клубны дом”, можна знайсці на іх сайце.

Гурт Re1ikt цяпер працуе адразу над некалькімі рэлізамі, праўда, даты іх выхаду пакуль не агучваюцца.

“Адзін з рэлізаў ― галабальны суперновы альбом, ― кажа Аляксандр Дземідзенка. ― А таксама будуць некалькі праектавых выданняў. Скажам, што гэта будзе і Re1ikt і каляRe1ikt. Праца ідзе вельмі актыўна, вельмі насычана, нават не хапае ні на што часу”.

Бліжэйшы выступ гурта Re1ikt адбудзецца ў верасні ў сталічным клубе “Графіці”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі