“Басовішча-2017”: без “генералаў”, але з батлейкай, інтэлектуаламі, тату-салонам

“Басовішча-2017”: без “генералаў”, але з батлейкай, інтэлектуаламі, тату-салонам

Найстарэйшы беларускі фестываль "Басовішча-2017" аб'явіў поўны лайн-ап. Распачне яго конкурс маладых выканаўцаў, у якім сёлета возьмуць удзел гурты BarRokka, Leibonik, SnopSnoŭ і Teleport. Хэдлайнерам першага дня стануць брэсцкія панкі “Дай дарогу!”, якія ўпершыню выступяць у Гарадку, другога — Naviband, Akute і ўкраінцы “Вагоновожатые”.

“Мы хацелі трошкі памяняць фестываль, — тлумачыць адсутнасць “генералаў айчыннага року” ў лайн-апе адна з арганізатарак фестывалю Лідзія Пекарская. ― Тым не менш, гурты, якія неаднойчы ўжо выступалі на “Басовішчы”, усё ж застаюцца. Напрыклад, Re1ikt, якія, мне падаецца, цяпер вялікія зоркі на беларускай сцэне. Разумееце, калі шмат старых гуртоў, то гэта кепска, але, калі іх замала ― таксама кепска. Таму ніколі не будзе такога, што ўсім будзе пасаваць. Але нам падаецца, што сёлета лайн-ап атрымаўся вельмі цікавым”.

Такім чынам, апроч хэдлайнераў і канкурсантаў на “Басовішчы-2017” выступяць .K, Re1ikt, The Superbullz, Manietny Dvor, “Стары Ольса”, Vuraj і Łona, Webber & The Pimps, а таксама сербы Neozbiljni Pesimisti і мясцовыя беларусы ILO&friends. Апроч канцэртнай часткі, наведвальнікаў фестывалю чакае і тэатральная пастаноўка ад аднаго з выступоўцаў.

“Гурт Manietny Dvor апроч музычнага выступу пакажа яшчэ і спектакль “Шляхціц Завальня” паводле апавядання Яна Баршчэўскага, “Чорны певень і Цмок”, — працягвае Лідзія. — Гэта будзе беларуская батлейка. Мы вельмі хацелі ў гэтым годзе запрасіць каго-небудзь менавіта для тэатральнай пастаноўкі, таму нам вельмі падабаецца, што атрымалася гэта зрабіць такім чынам, тым больш, што гэта вельмі пасуе нашай тэматыцы і “Басовішчу” ўвогуле”.

Апроч таго сёлета на фестывалі пройдзе “Беларуская інтэлектуальная гульня”, у якой удзельнікам трэба будзе адказваць не толькі на пытанні, звязаныя з гісторыяй і культурай Беларусі, але і з уласна “Басовішчам”. Улічваючы, што летась гэтая паслуга карысталася нечаканай папулярнасцю, сёлета было вырашана зноў запрасіць на фестываль адзін з мінскіх тату-салонаў, каб кожны жадаючы мог зрабіць татуіроўку.

Як і ў мінулыя гады, на тэрыторыі фестывалю будуць працаваць пункты продажу піва ды ежы, а таксама асобна будуць прадстаўленыя беларускія кавярні вегетарыянскай кухні. Госці “Басовішча” могуць размясціцца ў намёце недалёка ад сцэны, заплаціўшы за ўсе дні 20 злотых (каля 10 беларускіх рублёў). Калі гэта неабходна, то арганізатары паклапаціліся і пра візавую падтрымку, але падаць заяўку трэба паспець да канца чэрвеня.

“У гэтым годзе консульства не абмяжоўвала колькасць бясплатных віз для наведвальнікаў фестывалю, — кажа Лідзія. — Да прыкладу, летась нам давалі квоту ў 200 віз. Таму сёлета, спадзяемся, візы атрымаюць усе ахвочыя. Але колькі заявак пададзена, мы пакуль не лічылі, бо яшчэ ёсць два дні”.

Форму для запаўнення заяўкі на візу, а таксама адрасы, па якіх яе адпраўляць, можна знайсці на афіцыйнай старонцы “Басовішча” ў Facebook. Сёлета фестываль пройдзе 14-15 ліпеня на тым самым месцы: у мястэчку Гарадок недалёка ад беларускай мяжы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі