“Яно тут”: паглядзець у вочы трывозе

Творы Антаніны Слабодчыкавай не патрапілі ў анталогію 10-годдзя мінскага мастацтва, то бок на групавую выставу “Радыус Нуля”, якая прагрымела на ўвесь Мінск і прывабіла тысячы людзей у цэх завода "Гарызонт". Затое ў той самы час Антаніна адкрывае персанальную выставу ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў”. Еўрарадыё вырашыла наведаць гэтую выставу, каб пабачыць, што ж яшчэ робяць мінскія мастакі і на якія тэмы звяртаюць увагу.

Экспазіцыя мае назву “Яно тут”. Яна прысвечаная розным праявам трывогі. Слабодчыкава спрабуе асэнсаваць яе, прагаварыць, матэрыялізаваць, трансфармаваць і нават знішчыць.

А зараз стоп. Калі ў вас у галаве кошты на бензін, выбары ў Расіі, бытавыя траблы і г.д. – “Яно тут” вам не зразумець. На выставу трэба настроіцца. А для гэтага – як мінімум спыніцца і прыслухацца да сябе.


“Самае прыгожае, што людзі ж усе разумеюць, што ўсе гэтыя “праблемы” – гэта пыл, і ўсё калі-небудзь імгненна знікне, – распавядае мастачка Антаніна Слабодчыкава. – Але, нават ведаючы гэта, людзі працягваюць жыць. Праўда, па-рознаму: нехта заганяе сябе ў рамкі, нехта больш філасофскі ставіцца да жыцця. Але я не стаўлю задачы змяніць чалавечае стаўленне. Я ж не прапаведнік. Проста, мне падаецца, гэта цікава – пазнаёміцца з іншым поглядам”.


Свой погляд Антаніна прадставіла ў двух залах галерэі. Першая – “чорная”, у якой размешчаныя зробленыя з дроту словы, ўпрыгожыныя пафарбаванымі штучнымі кветкамі з вянкоў. Словы стварылі галоўную фразу выставы: “Яно тут”, ці, на нямецкай “Es ist da” (гэта фраза з верша паэткі Монікі Рынг, які аналізавала Антаніна).

Другая зала – “белая”, прабрацца ў якую можна праз сімвалічную “дзірку ў сцяне”. Там некалькі дзясяткаў дошачак з калажамі, і патоплены слоўнік нямецкіх фразеалагізмаў, з якога, дарэчы, калажы і рабіліся. Паўсюль абыгрываецца фраза “Яно тут”, шмат увагі надаецца тэксту, словам і нават асобным літарам.

Дапаўняюць гэтыя інсталяцыі два відэа – першае са спальваннем словаў “Es ist da” на снежным пейзажы, другое – з аўтаінтэрв’ю мастачкі, у якім яна спрабуе расказаць “пра самае галоўнае”:
“Es ist da” абазначае тое, што немагчыма абазначыць, і характэрызуе тое, што немагчыма ахарактэрызаваць. Але гутарка ідзе пра трывогу, якая ўсіх нас датычыцца. Чалавек адчувае ізаляцыю, безвыхаднасць, страх жыцця, страх смерці...” – разважае на відэа мастачка.

У інтэрв’ю Еўрарадыё Антаніна прызналася, што тэма трывожнага нарадзілася ў ёй разам з дачкой:

Антаніна Слабодчыкава: “Калі я толькі нарадзіла сваю дачку Марусю, я ўвогуле месяц не магла выходзіць з дому. Мне падавалася, што небяспека чакае мяне паўсюль. У медыцыне гэта, напэўна, тлумачыцца нейкімі гарманальнымі зрухамі”.

А яшчэ дадала, што зараз захапляецца псіхатэрапеўтычнай літаратурай, а дакладней амерыканскім псіхатэрапеўтам Яломам.

Ці дапаможа вам веданне гэтага зразумець “іншы погляд” на жыццё – для нас так жа невядома, як і тое, ці зможаце вы адарвацца хаця б на 3 хвіліны ад “рэальных праблемаў” ды пашукаць якое-небудзь “яно” у якім-небудзь “тут”. На ўсялякі выпадак перададзім пажаданні мастачкі прыходзіць у галерэю адным, без кампаніі, і спакойна, у адзіноце, глядзець, слухаць і думаць.

Больш фота ў Фэйсбуку Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі