Das Fest, ці чаго не могуць беларускія поп-артысты
Разняволіцца ды кінуцца са сцэны... І не толькі.
“На шляху на мерапрыемства, я чакаў, што пачую рок ці этна-музыку. Даволі нечаканым апынулася іх выкананне. Мне спадабалася — прыкольна! Вельмі жыва, вельмі дынамічна! Вельмі не хапае, мне падаецца, нашым выканаўцам такой натуральнасці на сцэне і яскравай энергетыкі”, — кажа Аляксандр, наведвальнік “Даз Фэсту”, які адбыўся ў Мінску на выходных.
Крыс Косма
Цікава, што падобнай думкі прытрымлівалася большасць гледачоў, якія прыйшлі пазнаёміцца ў той вечар з папулярнай нямецкай музыкай.
“Яны вельмі разняволеныя, яны скачуць у натоўп, яны не баяцца гэтага, вакол іх няма аховы. Усё для людзей”, — перабіваюць адна адну сяброўкі Ані.
Табіяс Шварц-Геваліх
Марцін Кілгер
Тое, што адбывалася на сцэне, выглядала такім чынам. Спачатку з’явіўся Крыс Косма з гітарай. Потым яго змяніў Табіяс Шварц-Геваліх, закампанаваўшы сабе на фартэпіяна. Потым тое самае зрабіў Марцін Кілгер. І публіцы пачало рабіцца млосна — і так увесь канцэрт? Але праз 5 песень на сцэну выйшаў бэнд, і што там пачалося! Музыкі па чарзе і разам выконвалі свае творы, падыгрывалі адзін адному, імправізавалі — і так тры гадзіны. Выконваючы папулярную музыку, яны смела змешвалі стылі. У ёй хапала і баварскіх напеваў, і джазу, і року, і рэгі, і R’n’B. І мы па-ціху пачыналі ў чарговы раз пераконвацца, што тая поп-музыка, якая падаецца нам з блакітных экранаў, нічога агульнага з папулярнай музыкай не мае. Тое, што гучала з “нямецкай” сцэны — гэта ўсё ж бліжэй да “Крамбамбулі”. Ну, ці да “Без Білета”…
Астап прыехаў на канцэрт нямецкіх музыкаў з Украіны
“Я вельмі рады, што пачуў іх нажыва, — дзеліцца ўражаннямі Астап — знаўца нямецкай музыкі, які прыехаў на Das Fest з Украіны. — Я зразумеў, што гэтыя выканаўцы не проста запісваюць кампазіцыі — яны выдаюць іх з атмасфернасцю. Я вельмі рады, што ў Беларусі ёсць людзі, якія зацікаўленыя ў пашырэнні музычнай культуры. Гэта варта рабіць”.
Параўнанне нямецкіх выканаўцаў з нашымі папулярнымі артыстамі паўставала міжволі. Мы ніяк не маглі намаляваць сабе карцінку, на якой бы Аляксей Хлястоў сядзеў за раялем і акампанаваў Герману, і ў сярэдзіне песні Герман раптоўна заводзіў рэгі! А потым бы да іх далучыўся Слава Нагорны з бэндам і пачаўся джэм. А потым Герман бы вырашыў скочыць са сцэны ў натоўп ці стаць на калені і сабраць зляцеўшыя з пюпітра ноты... А вось нямецкія поп-выканаўцы выглядалі ў такой сітуацыі цалкам натуральна. Прычым, падобнае сумеснае шоў яны ладзілі ўпершыню.
“Праблема ў тым, што кожны з нас занадта паглыблены ў сваю уласную кар’еру, — распавядае пасля канцэрту Крыс Косма. — Я даю ад 150 да 200 канцэртаў за год. Да таго ж, пішу песні, з’яўляюся мэнэджарам. Таму, гэта дастаткова складана — арганізоўваць сумесны праект. Але хто ведае, можа быць, мы аднойчы сустрэнемся, сядзем разам у студыю і зробім што-небудзь сумеснае. Тым больш, што ёсць відэа з сённяшняга выступу, на якое можна абапірацца”.
Цікава, што Крыс Косма і Марцін Кілгер часам граюць больш цяжкую музыку. Напрыклад, Марцін удзельнічае ў панк-рок гурце. Але прыехаць да нас у панк-амплуа музыка не пагаджаецца:
“Шчыра кажучы, я не думаю, што аднойчы гэта атрымаецца, бо гэта быў не надта сур’ёзны праект. А музыка, якую мы гралі сёння — менавіта яна ідзе ад сэрца, гэта мае песні, і я іх люблю. І я буду рады прадставіць тут і сваю чацвёртую пласцінку. Яна называецца “Leon”, і я спадзяюся, што яшчэ раз прыеду з ёй у Мінск”.
Дарэчы, нямецкія музыкі з радасцю прыедуць на наступны Das Fest і зладзяць сумеснае шоў з беларусамі. Яны не супраць яшчэ раз прагуляцца па Мінску, падзівіцца яго архітэктуры і сустрэцца з публікай. І кажуць, што ніколі не забудуць гэты выезд.
Крыс Косма: “Усё было проста выдатна! Гэта быў проста выбух! Я з упэўненасцю магу сказаць, што я ніколі не забуду і гэтую вандроўку, і сённяшні дзень. Мы будзем часта ўспамінаць сённяшні дзень і тыя цудоўныя моманты, што мы тут перажылі.
Больш фота глядзець тут:
http://www.facebook.com/media/set/?set=a.555035847844548.142529.147859111895559&type=1
https://vk.com/album-7115114_165729055