Еўракамісар: "Сітуацыя ў Беларусі змянілася з дрэннай да горшай"

"За апошнія месяцы сітуацыя [у Беларусі] змянілася з кепскай на горшую, з далейшымі рэпрэсіямі супраць апазіцыі і грамадзянскай супольнасці", паведаміў віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Андрыс Піебалгс на слуханнях у Еўрапарламенце 14 сакавіка. Дэбаты прымеркаваныя да прыняцця рэзалюцыі Еўрапарламентам, што адбудзецца 15 сакавіка.

Галоўная ўмова нармалізацыі адносінаў, па словах Піебалгса, застаецца ранейшай.

"Перш за ўсё, неадкладнае і безумоўнае вызваленне 12 палітычных зняволеных і іх рэабілітацыя. Палітычныя зняволеныя ў цэнтры Еўропы гэта ганьба", — заявіў еўракамісар па пытаннях развіцця.

Іншыя занепакоенні ЕС — даклады аб катаваннях і нечалавечым стаўленні да зняволеных, рэпрэсіі да актывістаў і абмежаванне іх свабоды перамяшчэнняў, змены ў законы аб абмежаванні правоў на збор і асацыяцыю а таксама не адмененае смяротнае пакаранне.

"Нажаль, беларускія ўлады не зрабілі нічога, каб мы змянілі сваю палітыку [пашырэння санкцый]: ані выпусцілі і рэабілітавалі палітычных зняволеных, ані зменшылі ціск на апазіцыю, ані палепшылі сітуацыю з правамі чалавека. Далейшыя санкцыі верагодна не палепшаць нашых двухбаковых адносінаў. Гэта жалю годна, але няўхільна, бо мы адданыя сваім каштоўнасцям", — прасумаваў Андрыс Піебалгс.

Ён нагадаў пра словы старшыні дыпламатычнай службы ЕС Кэтрын Эштан аб уключэнні ў "чорны спіс" іншых бізнэсменаў, які падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі ці маюць непасрэдную выгоду праз яго, на паседжанні Савета ЕС 23 сакавіка, калі да гэтага часу не вызваляць палітычных зняволеных.

Еўракамісар таксама пацвердзіў, што 29 сакавіка ў Брусэлі пачынаецца праграма "Еўрапейскі дыялог для Беларусі", што будзе ўяўляць сабой "адкрыты дыялог з усімі палітычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю".

Фота: neftegaz.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі