ili-ili: Перамога ў “КЛІПзаМОВЕ” — нагода яшчэ раз спець па-беларуску!

130418_ma6a_kz.mp3

Гурт ili-ili абраны пераможцам конкурсу “КЛІПзаМОВА”.


“У выніку галасавання экспертаў адназначна перамог гурт ili-ili, — агучвае вынік конкурсу “КЛІПзаМОВА” кіраўнік “Арт Сядзібы” Павел Белавус. — Больш за палову ўдзельнікаў галасавання аддаюць перавагу менавіта гэтай камандзе”.


У фінал конкурсу выйшлі гурты :B:N:, ZnaRock, ili-ili і бард Зміцер Вінаградаў. Пераможцу вызначалі 20 экспертаў, у лік якіх уваходзілі музыкі, паэты, журналісты, арганізатары канцэртаў, кліпмэйкеры. Вынікі галасавання выглядаюць наступным чынам: 66% галасоў — за ili-ili, 20% — за ZnaRock. У :B:N: і Змітра Вінаградава па 7% галасоў.


“Я абраў ili-ili даволі суб’ектыўна, — аргументуе свой выбар рэдактар партала Tuzin.fm Сяргей Будкін. — Па-першае, песня вельмі пазітыўная, а пазітыўных рок-песень не стае цяпер. І, па-другое, хацелася тым самым павітаць імкненне музыкаў рабіць менавіта беларускамоўныя песні”.


Вытворчасць кліпа — галоўнага прыза “КЛІПзаМОВЫ” — пачнецца днямі. Студыя Ideas, якая будзе займацца здымкамі, вядзе падрыхтоўчую працу. Па словах рэжысёркі студыі Марыі Янчык, прыкладнае ўяўленне таго, як будзе кліп на песню “Танчыць” ili-ili, здымачная група ўжо мае. Аднак на тое, што ў выніку ўбачаць гледачы, паўплываюць яшчэ ідэі музыкаў.


Марыя Янчык: “Кліп мы бачым ў выглядзе гульнявой гісторыі з цікавым сюжэтам. Наўрад ці гэта будзе гульнявая гісторыя рамантычнага плана. Гэта будзе гісторыя з разынкай. Хутчэй за ўсё, гэта будзе нейкая выдумка, гульня вобразаў, фантазіі, заснаваная на эмацыйным успрыняцці музыкі”.


У якасці падарунка студыя Ideas зняла прома-ролікі ўсім фіналістам “КЛІПзаМОВЫ”.


Прэзентацыя конкурснага відэа на песню “Танчыць” адбудзецца 26 траўня падчас вялікага канцэрта ў клубе Re:Public. Акрамя ili-ili у ім паўдзельнічаюць green pills і Amaroka, якія рыхтуюць да выхаду свежыя рэлізы.

“Мы вельмі рады сваёй перамозе, — кажа ўдзельнік ili-ili Міхаіл Зуй. — І рады, што будзе гэты вялікі канцэрт уклубе Re:Public. Гэта добрая нагода, каб выйсці да гледачоў і сыграць яшчэ раз жыўцом беларускамоўную праграму”.


Павел Белавус называе канцэрт своеасаблівай справаздачай “Арт Сядзібы” — галоўнага “ідэолага” конкурса “КЛІПзаМОВА” — за апошнія некалькі месяцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі