Колькі зарабляюць лідары беларускай апазіцыі?

120612 Luka6uk Demzarobki.mp3

Праверылі падаткавікі старшыню руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча — выпісалі 6 мільёнаў штрафу. Праглядзелі дэкларацыю лідара АГП Анатоля Лябедзькі — і аштрафавалі на 500 тысяч. У першага нешта знайшлі ў справаздачах з савецкіх часоў, калі ён працаваў ва ўніверсітэце ў Алжыры, другога пакаралі за тое, што пазычыў грошы на набыццё аўто ў бацькоў, а падатковай інспекцыі пра гэта не паведаміў.


Еўрарадыё цікавіцца, якія прыбыткі ў лідараў айчынных дэмсіл, за што яны жывуць, з чаго выплачваюць штрафы і дзе ляжаць іх працоўныя кніжкі.


У Анатоля Лябедзькі працоўная ляжыць у сейфе на офісе АГП — ён афіцыйна працуе лідарам партыі. За гэта і заробак

 атрымлівае.


Анатоль Лябедзька: “Па цэнах да прэзідэнцкай кампаніі ў мяне было 500-600 долараў — так недзе выходзіла. Зараз, я думаю, гэта недзе 300-400 долараў”.


Палітык часта бывае за мяжой, але гэта ўсё за кошт прымаючага боку. Жывучы на заробак сярэдняга беларуса, скардзіцца: даводзіцца эканоміць.


Анатоль Лябедзька: “Па клубах, рэстаранах не хаджу. Тэатр, кіно — трэба выбіраць прыярытэты. Раз на год я магу сабе дазволіць з’ездзіць на тыдзень у зімовы адпачынак. Можа — на два-тры дні на ўзбярэжжа Балтыйскае пры найлепшым раскладзе. Транспарт я свой памяняў, але залез у пэўныя пазыкі. Калі ёсць магчымасць заскочыць у Вільню ці Кіеў, то там я гляджу — што можна набыць, каб было больш эканомна для бюджэту сямейнага”.


А вось Аляксандр Мілінкевіч у руху “За свабоду” выконвае абавязкі лідара на грамадскіх пачатках. Ён ўвогуле не працаўладкаваны, распавядае жонка палітыка Іна Кулей. Тым не менш у сямейную скарбонку кладзе каля 500 еўра — ганарары за кнігі, рэцэнзіі і гэтак далей.


Іна Кулей: “Галоўны заробак — гэта ганарары, якія даюцца за рэцэнзіі, экспертную ацэнку, кнігі і гэтак далей. Месяц на месяц не выпадае, шчыра кажучы, але гэта — ад 500 еўра і вышэй”.


Плюс — каля 2 мільёнаў рублёў пенсіі. На жыццё, прызнаецца, ім дваім хапае.

Старшынёй партыі працаўладкаваны і лідар “Справядлівага света” Сяргей Калякін. Плаціць падаткі з заробку ў прыблізна


 200 долараў. Іншых прыбыткаў, сцвярджае палітык, не мае. Як на гэтыя грошы выжывае? Прызнаецца — з цяжкасцю.

Аляксей Янукевіч старшынёй Партыі БНФ з’яўляецца, але ім не працуе — зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам. Вось толькі бізнэсу ніякага не мае.


Аляксей Янукевіч: “Я зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам у адміністрацыі Завадскога раёна Мінска. Праўда, на жаль, весці нейкую дзейнасць прадпрымальніцкую ў мяне не атрымліваецца”.


У той жа час старшыня партыі плануе балатавацца ў дэпутаты парламента. Адпаведна, павінен будзе прадстаўляць у ЦВК звесткі аб сваіх прыбытках. Кажа, у тых паперах будзе напісана, што за мінулы год атрымаў 15 мільёнаў. Вось толькі адкуль гэтыя грошы, для Еўрарадыё не ўдакладняе.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард — пенсіянер. Таму неабходнасці ў працоўнай кніжцы не мае. Што тычыцца прыбыткаў, то мае 1 мільён 700 тысяч у месяц, з якіх 1 мільён 200 тысяч — пенсія, 500 тысяч — “падтрымка” ад партыі.

Сяргей Гайдукевіч хоць і з’яўляецца кіраўніком ЛДПБ, але ў партыі не працуе. Працоўная кніжка, кажа палітык, ляжыць у іншым месцы. Там і заробак атрымлівае. Дзе працуе і колькі атрымлівае — не прызнаецца.

Сяргей Гайдукевіч: “Дзе я працую — там працую, каму неабходна — ведаюць. А што я буду казаць? Я вельмі вядомы чалавек, каб расказваць, дзе я працую, каб да мяне туды ўсе бегалі! А які заробак? Ну, калі б я не быў Гайдукевічам, то я б, вядома, сказаў. Але зараз я ўстрымаюся”.


Толькі радасна паведамляе, што зарабляе столькі, што на нармальнае жыццё хапае.

А што думаюць пра заробкі палітыкаў жыхары сталіцы? Слухайце ў апытанні Еўрарадыё:

120612 STR Demzarobki_0.mp3

Фота: Змітра Лукашука, Салідарнасць

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі