Міхал Анемпадыстаў зрабіў фота буракоў, морквы, хрэна
І распавёў, чаму беларусаў называюць бульбашамі.
Мастак, дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў зацікавіўся караняплодамі і іх сувяззю з беларусамі і стварыў праект пад назвай “Uder Ground”. Праект уяўляе сабой фотавыставу, створаную ў стылістыцы антрапалагічнага дызайну – субдысцыпліны, якая узнікла на мяжы дызайну і культурнай антрапалогіі. У цэнтры прац-нацюрмотраў Міхала – гародніна, якая расце ў Беларусі. Апроч формаў, колераў, пахаў, мастака зацікавіў таксама культуралагічны аспект караняплодаў.
Міхал Анемпадыстаў: “Метафізіка суцэльная: што гэта ўсё расце ў адваротным кірунку ад сонца, што яны там жывуць у гэтым падземным свеце, дзе няма ніякага святла – толькі глеба, толькі глей, толькі пясок. І ў той жа час яны выцягваюць з верху ўсю гэтую энергію, назапашваюць яе. І ты бярэш яго, рэжаш папалам, і глядзіш, наколькі гэта ўсё набрыняла, насыцілася энергетыкай”.
Па прапанове культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Міхал Анемпадыстаў стварыў відэа, дзе распавядае сваю тэорыю ўзаемаадносін караняплодаў і беларусаў. Апроч таго мастак тлумачыць, чаму беларусаў называюць “бульбашамі”. Аказваецца, быў такі чалавек – Васіль Баравец па мянушцы “Бацька Бульба”, якую ён атрымаў за свой неўтаймаваны тэмперамент, і які кіраваў Украінскай Паўстанцкай Арміяй.
Міхал Анемпадыстаў: “У 42-м годзе ён аб’явіў вайну немцам і пачаў весці супраць іх вайсковыя дзеянні. Але ў той самы час у Паўночнай Украіне была вельмі папулярная арганізацыя Сцяпана Бандэры – Арганізацыя Ўкраінскіх Нацыяналістаў. Праз нейкі час паміж імі пачаліся сутычкі, і Бандэра выціснуў Бацьку Бульбу на тэрыторыю Беларусі. Яны фактычна кантралявалі вялікі кавалак тэрыторыі Гомель – Слуцак – Жытомір. А байцы яго называліся бульбашамі. І спачатку тэрмін “бульбашы” ужываўся толькі ў вайсковым асяроддзі. Ён выйшаў па-за межы савецкага войска толькі ў 80-я гады”.
На думку фатографа Андрэя Лянкевіча, галоўная адметнасць выставы – у адкрыцці Міхала-культуролага.
Андрэй Лянкевіч: “Я думаю, што гэта не выстава, а тая тэматыка, альбо лепш сказаць, такі канцэпт, да якога звяртаецца Міхал. Ён кажа пра самую галоўную містэрыю беларусаў – чаму яны называюцца бульбашамі? Ніхто яшчэ да Міхала на гэтае пытанне не адказаў. Я думаю, што выстава ў нейкім сэнсе такім магічным і таямнічым адказвае на гэта пытанне. Таму на яе трэба абавязкова прыйсці, а больш за тое, паглядзець відэа-адказ Міхала ў інтэрнэце на гэтае пытанне”.
Адной з асаблівасцяў выставы “Uder Ground” мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі лічыць яе некамерцыйнасць. Знакаміты гісторык мастацтва мяркуе, што жанр нацюрморту, які абраў Міхал Анемпадыстаў для дэманстрацыі свайго бачання караняплодаў, мае нацыянальныя рысы.
Сяргей Харэўскі: “Нацюрморт, у прынцыпе, – гэта вельмі нацыянальны жанр, як ніякі іншы. Паглядзім, напрыклад, на нацюрморты іспанца Сурбарана, альбо Поля Сезана, альбо на класічны фламандскі, галандскі нацюрморт, альбо на нацюрморты класіка нашага мастацтва Івана Хруцкага. Бадай, нішто так вымоўна не распавядае пра краіну, яе сонца, яе людзей, яе зямлю, як нацюрморты. І зусім не абавязкова тут дадаваць нейкія ручнікі, альбо ставіць нейкія каларытныя народныя тыпажы”.
Па словах Харэўскага, фотапраект “Uder Ground” – гэта сапраўдны партрэт беларуса.
Сяргей Харэўскі: “Тое, што мы бачым на выставе – гэта плады нашай зямлі, з якіх складаемся мы самі, з гэтых клетак, з гэтых мікраэлементаў. І гэта наш партрэт. Партрэт таго, чым мы ёсць. Тут і наша сонца, наша зямля, вада, і гэта наша ежа і наша глеба. Таму ў гэтым сэнсе, мне падаецца, што праект выйшаў вельмі крэатыўным, і думаю, што ён будзе мець поспех. І мы ўжо маем водгукі ад шведскіх, польскіх, французскіх, нямецкіх калег, якія ў поўным захапленні, і якія вось так сабе цяпер будуць уяўляць Беларусь”.
Выстава адчыненая да 30 кастрычніка ў галерэі Саюза беларускіх дызайнераў, што па вуліцы Брылеўскай, 14.