Нацбанк прадае золата па вераснёўскіх коштах, а набывае – па красавіцкіх

У галоўным аддзяленні Нацбанка па Мінску і Мінскай вобласці карэспандэнту Еўрарадыё прапанавалі ўсю лінейку залатых зліткаў. На месцы не аказалася толькі 500-грамовых і кілаграмовых, але касір запэўніла, што гэта часова.
Набыць каштоўны метал можна без абмежаванняў. Так гавораць у Нацбанку:
“Прынамсі, мы не чулі аб тым, што ёсць нейкія абмежаванні”.
Адзіная нязручнасць — прадаюць зліткі толькі за долары. Плюс невялічкая хітрасць банкіраў — прадаць назад золата банку можна выключна за рублі.
І кошты растуць. Калі ў красавіку стограмовы злітак золата Нацбанк прапаноўваў набыць за 5257 долараў, то сёння за такі ж кавалак жоўтага металу трэба аддаць ужо 6837. У Нацбанку падаражэнне на паўтары тысячы за чатыры месяцы тлумачаць сусветнымі каціроўкамі.
“Увогуле, наколькі я ведаю, каціроўкі на золата, сусветныя, у апошні час вельмі істотна выраслі. Калі вы сочыце за навінамі, — тлумачаць у прэс-службе галоўнага банка краіны. — Кошт золата не можа стаяць на адным месцы. Ён прывязаны да сусветных рынкаў”.
Рынкавы падыход Нацбанка да аперацый з каштоўнымі металамі не можа не радаваць. Аднак калі пералічыць кошты продажу паводле курсу чорнага рынка, то тыя, хто купіў золата ўвесну, не зарабілі, а згубілі 45 долараў на кожных 100 грамах. У красавіку Нацбанк даваў за стограмовы злітак трошкі больш за 14 мільёнаў — 3764 долары паводле курсу чорнага рынку (3800 рублёў за долар у красавіку). А ў верасні купляе за 32 мільёны. Аднак па курсе чорнага рынку гэта ўсяго толькі 3719 долараў (калі лічыць па 8500).
Еўрарадыё паспрабавала высветліць у Нацбанку, адкуль такая несправядлівасць.
“У дадзены момант не магу пракаментаваць. Трэба да спецыяліста звяртацца”, — адказвае прэс-сакратар Нацбанка Аляксандр Цімашэнка.
Кошты на скупку золата растуць толькі па афіцыйным курсе таго самага Нацбанка, які ніхто ўжывую не бачыў. З 4767 долараў у красавіку — да 6323 у верасні. Улічваючы тое, што рублі на долары ў касах Нацбанка памяняць амаль немагчыма, то золата выгадна там толькі набываць. Калі вы хочаце зарабіць на росце сусветных каціровак, прадаваць яго варта ў іншым месцы.
Кошты Нацбанка на золата ў красавіку 2011 года.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі