Прадстаўнік Беларусі ў Савеце ААН: 100% беларускіх дзяцей вучацца ў школе
Замест адказаў на канкрэтныя пытанні па сітуацыі з грамадзянскімі і палітычнымі правамі Міхаіл Хвастоў апісаў дасягненні краіны ў эканамічнай і сацыяльнай сферы
12 траўня ў Жэневе на сесіі Савета ААН па правах чалавека разглядалі справаздачу па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Універсальная перыядычная справаздача дае краінам свету ўнікальную магчымасць прадставіць праведзеную працу ў галіне правоў чалавека.
Але большасць часу з адведзенай гадзіны Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Міхаіл Хвастоў расказваў пра дасягненні ў эканамічнай, сацыяльнай і адукацыйнай сферах, пра гендэрную роўнасць, а ў асаблівасці пра паспяховую барацьбу з гандлем людзьмі.
Міхаіл Хвастоў: "Паказчык адукаванасці ў Беларусі — адзін з самых высокіх у свеце, 99,7% сярод дарослых і 99,8% сярод моладзі. Агульная базавая адукацыя ахапіла 100% дзяцей".
Пра сітуацыю з парушэннем свабоды слова і выражэння, стандартаў правядзення свабодных выбараў, пра затрыманні журналістаў і палітычных актывістаў Міхал Хвастоў альбо не казаў увогуле, альбо казаў пра адпаведнасць беларускага заканадаўства міжнароднаму.
Пасля прэзентацыі даклада прадстаўнікі больш як 50 краін свету мелі пару хвілін выказацца па ім і прадставіць свае рэкамендацыі па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Прадстаўнікі Паўночнай Карэі, Кубы, Лівіі, Ірана, Амана і іншых аўтарытарных краін са значнымі парушэннямі правоў чалавека ўсхвалялі дасягненні Беларусі і пазбягалі крытыкі ў яе бок.
Напрыклад, прадстаўнік Венесуэлы Гэрман Мундаін Эрнандэс агучыў толькі адну няўцямную рэкамендацыю беларускаму ўраду.
Гэрман Мундаін Эрнандэс: "Мы хацелі б рэкамендаваць Беларусі працягваць сваю сацыяльную палітыку з прыярытэтам на слаі насельніцтва, якія знаходзяцца ў найбольшай патрэбе".
Прадстаўнікі Канады, Бельгіі, Нідэрландаў, Швейцарыі, Аўстрыі ды іншых заходніх дэмакратый крытыкавалі адсутнасць прагрэсу Беларусі ў сферах палітычных і грамадзянскіх правоў, заклікалі нашую краіну забяспечыць рэальную свабоду асацыяцый і СМІ, скасаваць смяротнае пакаранне, забяспечыць свабодную дзейнасць недзяржаўных арганізацый і падпісаць Канвенцыю супраць гвалтоўных знікненняў.
Прадстаўнік Нарвегіі Гэйг С'ёбэрг: "Канстытуцыя Беларусі абвяшчае свабоду слова і выражэння, а таксама права на атрыманне інфармацыі... Але шмат незалежных газет дагэтуль маюць забарону на распаўсюд. Заклікаем урад выконваць свае абвязкі і забяспечыць рэальную свабоду выражэння. Мы таксама занепакоеныя становішчам адвакатаў, праваабаронцаў і журналістаў. Рэкамендуем Беларусі даследаваць выпадкі парушэння правоў журналістаў, праваабаронцаў і студэнтаў і асудзіць адказных... Апрача таго, Беларусь — апошняя краіна Еўропы, якая дагэтуль выкарыстоўвае смяротнае пакаранне. Рэкамендуем неадкладна ўвесці мараторый”.
14 траўня Працоўная група прыме даклад па Беларусі. На працягу наступных двух тыдняў у яго могуць унесеныя рэдактарскія праўкі. Далей выніковую справаздачу прымуць на пленарнай сесіі Савета ААН па правах чалавека.
Фота: innercitypress.com