Тэса Сутэр і Apple Tea пагрузяць слухачоў у музыку Шапэна,Альбіноні, Равэля
У вядомых класічных твораў на час канцэрту з’явяцца словы.
У Мінск зноў едзе Тэса Сутэр! Менавіта яна два гады таму адкрывала серыю канцэртаў “Джазавы мост”, якія збіраюць на адной сцэне беларускіх музыкантаў і джазавых зорак Амерыкі, Англіі, Германіі ды іншых краін. Падчас таго самага першага выступу, Тэса вельмі ўпадабала гурт Apple Tea, і замест аднаго запланаванага канцэрта, музыканты зладзілі тры!
Для сваёй другой сустрэчы з беларусамі Тэса падрыхтавала вельмі арыгінальную праграму. Спявачка не толькі прадставіць публіцы свае ўласныя творы, Тэса Сутэр пераасэнсавала класічныя п’есы вядомых музыкантаў і напісала да іх словы.
“Гэтыя п’есы ўсе мы добра ведаем, таму што гэта папулярная класічная музыка, – распавядае бубнач Apple Tea Аляксанр Сапега. - І людзі, якія прыйдуць на канцэрт, будуць з кайфам слухаць гэту праграму, бо ў гэтых п’ес з’явяцца словы! А выкананне нечым падобнае да джазавых стандартаў! Ну вельмі прыемна!”
Так, да прыкладу, тэкст з’явіўся ў “Прэлюдыі мі мінор” Шапэна, “Адажыа” Альбіноні, “Половецких плясок” Барадзіна, “Паваны” Равэля ды інш. Акрамя гэтага, на канцэрце прагучыць бразільская музыка і вядомыя джазавыя стандарты. І, як заўжды бывае на канцэртах сапраўдных прафесіяналаў, не абыдзецца і без імправізацый. А агульны настрой праекта абяцае быць вельмі празрыстым і паветраным, распавядае Аляксандр Сапега:
“Праграма зроблена настолькі тонка, што добра вядомыя п’есы і творы не выглядаюць “папсовымі”. Вельмі пачуццёва і інтэлігентна, як гэта можа зрабіць Тэса”.
Да таго ж, Тэса Сутэр зусім нядаўна выпусціла новы дыск, які таксама прадставіць у Мінску.
Нагадаем, што канцэрт пачнецца а 19-ай гадзіне, 12-га лютага ў Палацы прафсаюзаў.