Ці была 9 траўня небяспека ў небе над Мінскам?
Мінабароны сцвярджае, што “паветраны эшалон” выступіў на парадзе як след, але адмыслоўцы лічаць, што тысячы людзей цудам пазбеглі катастрофы. Прапануем параўнац
9 траўня ў небе над Мінскам пяць Л-39 з каляровымі шлейфамі і чатыры бамбардыроўшчыкі Су-24 праляцелі на скрыжаваных курсах невысока над дамамі і тысячамі гледачоў, якія прыйшлі паглядзець на парад. У сяго-таго на трыбунах захапіла дух, а ў інтэрнэце праз лічаныя хвіліны з’явіліся паведамленні пра самалёт, які нырнуў паміж дамамі і ледзь здолеў ізноў набраць вышыню.
Неўзабаве гэты самалёт знайшоўся даволі далёка ад месца падзеяў. Еўрарадыё змантавала яго меркаваны палёт з некалькіх фотаздымкаў, зробленых з балкона аднаго з дамоў на паўднёвым захадзе Мінска:
У Міністэрстве абароны Беларусі мяркуюць, што простым смяротным разбірацца ў высокіх матэрыях падрыхтоўкі палётаў над горадам не варта:
“Мне складана вам нешта тлумачыць, бо вы не з’яўляецеся спецыялістам у галіне аэрадынамікі, падрыхтоўкі пілотаў, — кажа Вячаслаў Раменчык, прэс-сакратар Міністэрства абароны. — А для таго, каб мне вам распавесці, як рыхтуецца заданне, як ажыццяўляецца пралёт авіяцыі ў розных умовах, недастаткова пяці хвілінаў. Адно вам скажу: тое заданне, якое было пастаўлена перад экіпажамі і ўвогуле перад паветраным эшалонам па пралёце на параднай дыстанцыі, было выкананае цалкам, без аніякіх нюансаў і хібаў”.
Што ж, паглядзець на парад пад пахмурным мінскім небам сабралася 350 тысяч якраз такіх “неспецыялістаў”. Той-сёй з іх паспеў зняць на відэа дзівосы, якія тварылі пяцёрка Л-39 і чацвёрка Су-24. І вось якая акалічнасць: тое, што мы ўбачылі 9 траўня, вельмі адрознівалася ад выступлення, якое “паветраны эшалон” адпрацоўваў падчас генеральнай рэпетыцыі парада 6 траўня.
Вось відэа з рэпетыцыі, якое трапіла ў навіны на Першым нацыянальным канале:
А вось відэа, знятае з розных кропак відавочцамі падзеі:
Ваенны лётчык 1-га класа ў адстаўцы Георгій Бухтарэвіч лічыць, што манеўр Л-39 і Су-24 ўяўляў вялікую небяспеку для тысячаў людзей, якія прыйшлі на парад. Паводле яго сведчанняў, здарэнне, падобнае да сёлетняга, ужо адбывалася 5 гадоў таму. 9 траўня 2005 года неба над Мінскам не падзялілі звёны Су-25 і МіГ-29. “МіГі” тады спазніліся на некалькі секунд і апынуліся на траекторыі “Сушак”...
Згодна са словамі Бухтарэвіча, сёлета самалёты відавочна збіліся не толькі са свайго часу, але і з курсаў. Іначай патлумачыць перакрыжаванне траекторыяў 9 самалётаў настолькі нізка над дамамі можна толькі вялікім жаданнем каго-небудзь здзівіць:
Георгій Бухтарэвіч: “Па тым, што я глядзеў, — была сур’ёзная небяспека. Мне, ваеннаму пілоту, які прайшоў дзве вайны, стала страшна за людзей. Столькі народу, вялікі горад — і такая вышыня, не больш за 100 метраў, калі праходзілі Су-24...”
Прычынамі манеўра называюць нізкую воблачнасць і як вынік — дрэнную бачнасць. Карыстальнікі інтэрнэта палічылі, што паміж звяном Л-39, якія ляцелі вышэй, і дамамі для звяна Су-24 заставалася не больш за 40 метраў... Але Георгій Бухтарэвіч сцвярджае, што найперш небяспеку сваімі дзеяннямі стварылі пілоты звяна бамбардыроўшчыкаў:
Георгій Бухтарэвіч: “Яны, мабыць, не толькі не па часе выйшлі, але і з курсаў пазбіваліся. Калі звяно Су-24 стала рассыпацца, яны, напэўна, ужо ішлі на дрэнным псіхалагічным узроўні. Бо гэта ж прамалінейны палёт. Не трэба быць вялікім прафесіяналам, каб сабраць звяно і па часе ўсё разлічыць. І трэніроўкі ў іх былі... Гэта ж не вышэйшы пілатаж!”
Прэс-сакратар Мінабароны Вячаслаў Раменчык сцвярджае, што давяраць псеўдааналітыцы, якую распаўсюджваюць у інтэрнэце самаробныя эксперты, не варта. А Георгій Бухтарэвіч кажа, што са страхам чакае жніўня, калі на Дзень ваенна-паветраных сілаў у неба над сталіцай ізноў узнімуцца самалёты.
На фота: два Су-24 ледзь не крануліся крыламі, пасля чаго іх звяно распалася, і скрайні правы самалёт "знік" у дварах.
Фота: forum.onliner.by