У гомельскім аэрапорце са спазненнем прызямліўся самалёт з "Ліверпулем"
Футбалісты славутага англійскага клуба ў чацвер згуляюць з "Гомелем" у матчы 3-га кваліфікацыйнага этапа Лігі Еўропы.
Матч пачнецца 2 жніўня а 21-й гадзіне на гомельскім стадыёне "Цэнтральны".
Самалёт з "Ліверпулем" спазніўся на паўтары гадзіны. У аэрапорце каманду, а яна прыляцела ў наймацнейшым складзе, сустракалі дзясяткі фанатаў англійскага клуба.
Футбалісты "Ліверпуля" і трэнеры будуць жыць у гомельскай гасцініцы "Замкавая". З-за праезду аўтобуса з зорнымі гасцямі на паўгадзіны перакрывалася вуліца Савецкая.
Сёння ўвечары мусіць адбыцца прэс-канферэнцыя галоўнага трэнера англійскага клуба Брэндана Роджэрса.