“У мяне ёсць дом, інтэрнат і “Арт-сядзіба”!
Да восені праект сыходзіць на вакацыі каб паразважаць пра будучыню і пераўтварыцца ў арт-дом з хостэлам і кавярняй.
Знакавае для творчай моладзі Мінска месца - "Арт-сядзіба" – мяняе адрас. Праіснаваўшы паўгода ў сценах завода "Гарызонт", праект вымушаны з’ехаць па незразумелых прычынах. З гэтай нагоды стваральнікі "Арт-сядзібы" зладзілі развітальную вечарыну, каб яшчэ раз сабраць неабыякавых і таленавітых музыкаў, паэтаў ды мастакоў ды разам падумаць пра сумесныя планы на будучыню.
"Змены – гэта развіццё, – лічыць адзін з заснавальнікаў "Арт-сядзібы" і вакаліст гурта "Amaroka" Зміцер Афанасенка. - Я думаю, што мы перараслі гэта месца і ў верасні паспрабуем адчыніць "Арт-сядзібу" ў новым месцы. Каб гэта было памяшканне новага ўзроўню і, адпаведна, з новым узроўнем імпрэз, сустрэч і г.д.".
"Amaroka"
Такі настрой панаваў падчас усяго вечару – творцы, якія прыйшлі на развітальную вечарыну, параўноўвалі "Арт-сядзібу" з пасталеўшым юнаком, якому нарэшце надышоў час развітацца з бацькоўскай хатай і пачаць новае, самастойнае жыццё.
лідэр гурта "Голая манашка" Фёдар Жывалеўскі
Паўгода таму падчас адкрыцця "Арт-сядзібы" адбыўся афіцыйны дэбют спявачкі Паліны Рэспублікі. Сама Паліна лічыць: "Арт-сядзіба" - гэта не памяшканне, а людзі. Таму ўсё яшчэ наперадзе!
“Галоўным было не тое, што яны зрабілі гэтае памяшканне, а тое, што яны распачалі такую добрую справу. "Арт-сядзіба" шмат добрага пасадзіла ў душы і сэрцы беларусаў. Таму, я думаю, цяпер будзе не пытанне, знайсці новае памяшканне і працягваць гэтую дзейнасць. Сёння прысутнічае такі сум, але з усмешкай. Бо ўсё яшчэ наперадзе, я ўпэўненая”.
Гэтай жа думкі прытрымліваецца і музыка Пётр Клюеў, які некалькі месяцаў таму таксама зладзіў сольнік у "Арт-сядзібе".
"Сёння "Арт-сядзіба" – гэта ўжо брэнд. Гэта зразумела ўжо па колькасці людзей, якія сёння тут. Усе ведаюць, што гэта месца маленькае, што будзе спякотна, што не будзе, куды ўціснуцца, але ўсё роўна прыйшлі так, што цэлы калідор запоўнены".
Пётр Клюеў
Бадай што адзіным наведвальнікам развітальнай вечарыны, які ўпершыню завітаў у "Арт-сядзібу", каб, уласна кажучы, развітацца з ёй, - стаў лідар гурта "Мутнаевока" Яўген Змушка. Яўген шчыра прызнаўся, што ішоў на імпрэзу, каб нарэшце нажыва паслухаць Паліну Рэспубліку і нават што-небудзь у яе "запазычыць", бо апошнім часам спявачка натхняе яго на новыя песні. І нават падарунак для яе падрыхтаваў! Але спазніўся, хоць і паабяцаў усё ж знайсці спявачку, каб перадаць ёй загадкавы пакунак.
Яўген Змушка дэманструе падарунак для Паліны Рэспублікі
"Арт-сядзіба"? Чую ўпершыню! Хадзіў каля яе, праз яе, але ўнутры не быў. Тут прыкольна! Але я яшчэ ўнутры не быў, бо за такім натоўпам людзей не магу разгледзець, што там адбываецца. Дарэчы, яе зачыняюць сёння, але яе пераносяць, так? Тады з радасцю паўдзельнічаю ў яе прэзентацыі!"
Нягледзячы на невыносную спёку ўнутры памяшкання, поўны калідор людзей і той факт, што з труб завода ўвесь час нешта капала наўпрост на галовы прысутных, - ніхто і не думаў разыходзіцца нават пасля трох гадзін канцэрту.
"У мяне ёсць дом, інтэрнат і "Арт-сядзіба"! – прызнаецца адзін з наведвальнікаў. – Гэта месца, дзякуючы якому я вітаўся з Пітам Паўлавым, размаўляў з Палінай Рэспублікай, а Міхал Бараноўскі віншаваў мяне з Днём нараджэння! Ну, карацей – гэта шчасце!"
Павел Белавус
Пакуль жа стваральнік "Арт-сядзібы" Павел Белавус разважае над планамі на будучыню, яго паплечнік і сябар, музыка Пётр Клюеў не баіцца марыць:
"План такі – знайсці месца мінімум 200 квадратных метраў. Ёсць канктрэтныя меркаванні – зрабіць не "Арт-сядзібу", а "Арт-дом". Дзе моладзь магла б ладзіць вечарыны, мерапрыемствы, а побач была б кавярня, а таксама, магчыма, у будучыні – хостэл. Такі культурны цэнтр, куды можна прыехаць, пераначаваць, зладзіць вечарыну і адпачыць, выпіць у кавярні файнай кавы. Гэта наша мара!"
Леанід Паўлёнак
Чакаецца, што ў новым месцы праект "Арт-сядзіба" адновіцца бліжэй да восені. Еўрарадыё будзе сачыць за развіццём падзеяў. Так што будзьце уважлівымі і заходзьце часцей на нашую старонку!