Watanabe, Berlin і Hernandez: Мы б яшчэ і майстар-клас правялі!
Зоркі сусветнага джазу, імёны якіх заведзена прамаўляць з трымценнем і прыдыханнем, разам выступілі ў Мінску і паабяцалі вярнуцца з воркшопамі, але паасобку.
Для тура па Еўропе аб’ядналіся культавыя музыкі: гітарыст Казумі Ватанабэ (Kazumi Watanabe), адзін з лепшых басістаў сучаснасці Джэф Бэрлін (Jeff Berlin) і ўладальнік Grammy, кубінскі бубнач і перкусіяніст Гарацыа "Эль Негра" Эрнандэс (Horacio "El Negro" Hernandez). Паасобку музыкі запісваліся і выступалі з Карласам Сантанай, Дызі Гілеспі, Элам Дзі Меолай, Рычардам Бана, Маклафлінам.
Казумі Ватанабэ
Джэф Бэрлін (Jeff Berlin)
Гарацыа "Эль Негра" Эрнандэс
Цалкам чакана, што паглядзець на славутых творцаў прыйшлі ледзь не ўсе сталічныя музыкі. Еўрарадыё заўважыла ў зале ўдзельнікаў “Троіцы”, “Крамы”, Apple Tea, The Silicon, J:Mors, “Крамбамбулі”, H.A. Quartet…
“Музыкі проста неверагодныя, няма словаў, — распавядае бубнач Коля Белановіч. — Я вельмі чакаў гэтага канцэрту і, натуральна, вельмі хацелася б сыграць з гэтымі музыкамі хаця б праз пару дзесяцігоддзяў. Я, шчыра кажучы, і чакаў, што будзе класна, але каб так… У іх зусім іншая культура гуку і выканання — зусім іншы ўзровень! Канцэрт-майстар-клас!”
Першыя ж кампазіцыі ды імправізацыі трыа сарвалі шалёныя апладысменты і воклічы ўражанай публікі.
“Гэта мой другі прыезд у Мінск, і наш другі выступ у такім складзе, — падкрэслівае ўнікальнасць імпрэзы Джэф Берлін. — Першы канцэрт адбыўся літаральна за дзень да гэтага ў Мілане, і я не ведаю, колькі такіх яшчэ адбудзецца”.
Той факт, што трыа нядаўна выступае такім складам, адзначаюць і гледачы-музыкі. “Не толькі ж беларусаў папракаць за недакладнасці!” — смяецца бубнач Аляксандр Мінец, які адмыслова прыйшоў паглядзець на Гарацыа Эрнандэса. — Відавочна, што хлопцы не ўсе песні гралі разам. Калі б падчас канцэрта недзе памыліліся беларусы — ужо б была трагедыя, маўляў “не трапілі!”. А на самой справе, бачыш — так, аказваецца, паўсюль! У нашай краіне ўсе аглядваюцца на Еўропу і еўрапейскіх музыкаў. А я вось прытрымліваюся меркавання, што нашы беларускія музыкі недаацэненыя ў сваёй краіне. І сёння я зноў пераконваюся ў гэтым!”
Падчас бісаў гледачы (пераважна, зноў жа, музыкі) асмялелі і пачалі падыходзіць бліжэй да сцэны. А раптам разгледзіш які-небудзь сакрэт віртуознай ігры? “Што тут абмяркоўваць майстроў? — кажа бас-гітарыст Аляксей Зайцаў. — Яны сапраўды майстры! Шкада толькі, што гэтым разам не было майстар-класа, я б з задавальненнем схадзіў!”
Майстар-класа ў Мінску не хапіла і самім зорным гасцям! Адразу пасля канцэрта музыкі трыа з задавальненнем дзяліліся досведам з беларускімі калегамі, абмяркоўвалі канцэрт ды паабяцалі вярнуцца у нашу краіну адмыслова для воркшопаў. Нават кожны асобна.
“Я чакаў ад гэтага канцэрта мноства шалёных нот, змяшэння стыляў. У прынцыпе, гэта і атрымаў! — з захапленнем распавядае юны бубнач Ян Сапега, якога перспектыва майстар-класу ўзрадавала не на жарт. — Музыкі мяне не шкадавалі, а наадварот загружалі сваёй не зусім лёгкай музыкай. Больш за ўсіх мяне ўразіў гітарыст-энэрджайзер, Ватанабэ, нібыта на батарэйках. Сапраўдная японская якасць! Але я, натуральна, прыйшоў паглядзець на бубнача”.
Падчас афтэпаці Гарацыа Эрнандэз нечакана разгаварыўся пра пачатак сваёй кар’еры ды распавёў, як маладым хлопцам збег з роднай Кубы і трапіў у Еўропу:
“Я проста сеў на карабель і збег. Добра, што атрымалася. Хоць, там у мяне заставаліся родныя, але я разумеў, што гэта адзіная магчымасць вырвацца з замкнёнага кола”.
Беларускія музыкі, якія прыехалі на афтэпаці адмыслова каб паджэміць разам са славутымі джазмэнамі, у асноўным, цікавіліся досведам працы з Сантанам і Бана. Ды так разгаварыліся, што не адпусцілі Эрнандэса ды Берліна на сцэну. “Аддувацца” за ўсіх давялося Казумі Ватанабэ.