Змітру Вайцюшкевічу — 40!

20 ліпеня Зміцер Вайцюшкевіч адзначае сваё 40-годдзе. Традыцыйна ў гэты дзень спявак дае вялікі сольны канцэрт, але сёлетняе правядзенне імпрэзы дагэтуль застаецца пад пытаннем. Тым не менш павіншаваць Вайцюшкевіча зможа кожны жадаючы: 23 ліпеня ў знакамітых Шаблях адбудзецца вялікі канцэрт Змітра і WZ-orkiestra. Дарэчы, аркестр пад кіраўніцтвам юбіляра адсвяткуе такім чынам сваё 10-годдзе.

Зміцер Вайцюшкевіч: “23-га будзе цёпла, таму варта прыязджаць. У горадзе няма чаго рабіць, а ў Шаблях ёсць што рабіць.Мы нікога 10 гадоў нічым не здзіўлялі, проста рабілі добрыя канцэрты. Гэты будзе такім жа”.

Еўрарадыё звярнулася да сяброў Змітра Вайцюшкевіча па цёплыя словы пра юбіляра і, вядома, па пажаданні. Для лідара гурта “Палац” Алега Хаменкі Вайцюшкевіч — “калі не родны, дык стрыечны”: музыкі дагэтуль шчыра сябруюць, разам пераймаюцца і радуюцца.

Алег Хаменка: “Я вельмі ўдзячны Дзіму за справы, якія ён рабіў у “Палацы”, я вельмі радуюся за яго сольную кар’еру. Яна выдатная! Я лічу, што яна правільная. Не ўсё там, канешне, звязана з маімі парадамі. Багата што як раз Дзіма зрабіў абсалютна самастойна, і недзе нават я гаварыў, што, можа, так нельга, а ён даказаў, што так можна. І таму ў некаторых справах я проста вучуся ў яго. Але з другога боку, я адчуваю адказнасць, і што ён робіць, і вельмі-вельмі радуюся за тое, што дажыў чалавек да такіх гадоў (смяецца)”.

Паэт, сябра і суаўтар Вайцюшкевіча па альбоме “Танга з ружай” Уладзімір Някляеў таксама дзякуе Дзіму за лёгкасць у супрацы.

Уладзімір Някляеў: “Я не памятаю, колькі ўжо гадоў я займаюся тым, што называецца "песенная творчасць", але даўно. І ўвесь гэты час, усе гэтыя доўгія гады я пісаў тэксты на ўсе гатовыя мелодыі. Гэта даволі цяжкая праца, якая вымушае страты часу, нерваў. У залежнасці ад таго, з якім кампазітарам працуеш, чым ён больш эмацыянальны, тым больш траціцца нерваў. Дык вось Зміцер Вайцюшкевіч быў першы музыка, першы кампазітар, першы спявак, які пазбавіў мяне ад вось гэтай нервовасці. Ён узяў проста мае вершы і напісаў музыку. Пасля прыйшоў і паказаў мне, што ён напісаў. Ужо толькі праз гэта я лічу Змітра Вайцюшкевіча найлепшым нашым выканаўцам, музыкам і кампазітарам”.

Алег Хаменка раіць Вайцюшкевічу адказна паставіцца да святкавання юбілею.

Алег Хаменка: “Кажуць, 40-годдзе не трэба святкаваць, але трэба адзначаць, што гэта дзве розныя рэчы. Ну то я яму ўсё так і параю на 40-годдзе: хай яго павіншуюць, але хай вялікага свята не робяць, бо  ён усё ж такі носіць свята, калі выходзіць на сцэну, і гэта вельмі важна. З народзінамі, Дзімка! Будзь здаровы!”

Згодна са словамі Някляева, Вайцюшкевіч — не толькі мужны і абаяльны артыст, але і сапраўдны беларус.

Уладзімір Някляеў: “Я бываў часта на канцэртах Вайцюшкевіча і бачыў, колькі ён укладае любові да тых, хто прыходзіць яго слухаць. І колькі ён любові ўкладае менавіта да таго, што ёсць Беларусь, што ёсць беларускае. Гэта не прыдуманае, гэта сапраўдная, шчырая, пранізлівая любоў да таго, што ёсць Беларусь, да роднай Бярозаўкі, на Нёмана, куды ён часта вандруе, да мінулай Беларусі і да Беларусі будучай. Зміцер — сапраўдны сын гэтай зямлі. І калі казаць усур’ёз — дык адзін з найлепшых”.

Уладзімір Пракопавіч намагаецца не прапускаць аніводнага свята Вайцюшкевіча.

Уладзімір Някляеў: “У яго хутка Дзень народзінаў. Я ніколі гэты дзень не прапускаў. Калі была такая магчымасць быць побач з ім — я заўсёды быў, як і ён, дарэчы, на ўсіх маіх святкаваннях, і на тым, якое нядаўна было. І я загадзя яго абдымаю, віншую і кажу яму: "Малайчына, трымайся!”

Еўрарадыё далучаецца да віншаванняў і чакае новых песень музыкі ў сваім эфіры!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі