Зоркі інтэрнэта Зоя і Валера: Усім нешта трэба, а нам з гэтага нічога няма!

Некалькі відэаролікаў беларускага сямейнага дуэта “Зоі і Валеры” сабралі ў інтэрнэце каля мільёна праглядаў. Колькасць фанатаў расце. Самым папулярным аказаўся кавер на песню расійскай спявачкі Алены Ваенгі “Куру” (больш за паўмільёна праглядаў). Сакрэт поспеху ў шчырых эмоцыях, якімі зачапіў аматарскі кліп.

Соф’я Аляксандраўна і Валерый Аляксандравіч Барысюкі жывуць у вёсцы Зарэчча Бярозаўскага раёна.

“Жанчына ўсё жыццё жывёлагадоўцам была, паляводам. Цяпер Соф'я Барысюк на пенсіі. Яны ў нас аб’ездзілі ўсе фестывалі ўжо па Беларусі. Прыпевачныя і сямейнай творчасці”, ― рэкламуюць нам мясцовых зорак у аддзеле культуры Бярозаўскага райвыканкама.

Звязваемся з самім Валерыем Барысюком, які з задавальненнем пагаджаецца на інтэрв’ю. Цікавімся рэпертуарам “Зоі і Валеры” (у сеціва выклалі ж толькі пяць песень).

Валерый Барысюк: Ёсць беларускія народныя, украінскія народныя і рускія.

Еўрарадыё: Вы адчуваеце, што папулярнымі людзьмі сталі?

Валерый Барысюк: Я, сястра мая ― мы не адчуваем, што адбываецца наогул. Спяваем так, як спяваем.

 

Еўрарадыё: Ваш дуэт даўно існуе?

Валерый Барысюк: Ужо сем год. Як я ў Беларусь з Расіі прыехаў, так мы з ёй і спяваем.

Еўрарадыё: А інструменты ў вас якія?

Валерый Барысюк: Ну, гармонік і баян?

Еўрарадыё: А гітара? У інтэрнэце бачылі ваша нядаўняе фота з гітарай?

Валерый Барысюк: Ды гэта ён папрасіў мяне: “Вазьмі гітару для фота”. Гэта я некалі граў на гітары ў ансамблі, гадоў дваццаць. Так яна ў мяне і вісіць, я да яе не падыходжу. Але помню.

Еўрарадыё: Вы музыкі-аматары ці заканчвалі вучылішчы –кансерваторыі?

 

Валерый Барысюк: Не, мы з народа.

 

Еўрарадыё: А самі чым займаецеся?

Валерый Барысюк: Цяпер я працую на заводзе токарам ― ААТ “Цеплапрылада”. Мне поўных 57 год.

Еўрарадыё: Прадзюсары нейкія вас пад сваё крыло запрашалі? Можа грошы прапаноўвалі плаціць за выступленні?

Валерый Барысюк: Нічога такога не было. У нас з Расіі, з Рыбінска, ёсць прадзюсар. Дык ён просіць, каб мы больш песень у інтэрнэт пускалі. Ды і ўсё.

Еўрарадыё: А грошы не плаціць?

Валерый Барысюк: Нічога. Мы нешта не разумеем. Усім нешта трэба, а нам з гэтага нічога няма.

Еўрарадыё: А вы хацелі б стаць такімі артыстамі, каб выступаць часцей і зарабляць на гэтым?

Валерый Барысюк: Натуральна, хацелі б. Мы б падчас канцэрта адну-дзве песні заспявалі б. Вось як артысты спяваюць. Божа мой, цудоўна! Галоўнае, каб здароўе было. У нас сваіх песень каля 25. Сястра мая піша, а я аранжырую на баяне і на гармоніку. Мы маглі б праспяваць адну якую. А, можа, і народную якую. Было б здароўе, галоўнае ― у сястры, яна на дзесяць гадоў старэйшая за мяне. Ну, дык яшчэ ўзрост нармальны ― 67 год. Як у “Буранаўскіх бабулек”.

Еўрарадыё: А Алёну Ланскую ведаеце, якая на Еўрабачанне ад Беларусі паедзе?

Валерый Барысюк: Можа і бачыў, але не ведаў, што гэта Ланская.

Еўрарадыё: А вам з беларускіх артыстаў нехта падабаецца?

Валерый Барысюк: Божа мой, што ты! “Сябры” падабаюцца, “Песняры”, ансамбль “Бяседа”.

Еўрарадыё: А вас апроч інтэрнэта дзе можна пабачыць? Дзе ў вас бываюць канцэрты?

Валерый Барысюк: На тых выхадных Дзень інваліда быў. І мы ездзілі па калгасах. Інваліды сабраліся за сталом. Мы выходзім, праспявалі, канцэрт паставілі. Ну, не толькі мы, а яшчэ людзі. Так вось мы і выступаем. Мы лаўрэаты і дыпламанты раённых і абласных конкурсаў.

Еўрарадыё: У Бярозаўскім раёне ці ва ўсёй Брэсцкай вобласці ёсць вашы канкурэнты?

Валерый Барысюк: Ёсць, яны таксама старэнькія. Два браты-мужчыны ёсць з Бярозаўскага раёна. Яны класныя хлопцы, спяваюць вельмі хораша. Вельмі шмат талентаў у нас.

Руслан Сулімоўскі, дырэктар знакамітай артысткі Алены Ваенгі, звярнуў увагу на відэа дуэта больш за месяц таму, але кантактаў “Зоі і Валеры” знайсці не мог. Таму папрасіў у нас нумар. Верагодна, кар’ера дуэта можа атрымаць новы паварот…

Фотаздымкі з архіва аддзела культуры Бярозаўскага райвыканкама 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі