Рэйтынг самых кур'ёзных выпадкаў з кіраўнікамі краін (відэа)

Віктар Януковіч змагаўся з яловым вянком, Уладзімір Пуцін прапанаваў журналісту зрабіць абразанне, а Гордан Браўн і Нікаля Сарказі абразілі сваіх выбаршчыкаў.
Відэаролік, на якім расійскі і ўкраінскія прэзідэнты ўскладаюць вянкі на магіле Невядомага салдата, быў прагледжаны на You Tube амаль мільён разоў. Пра Віктара Януковіча, на якога зваліўся непрымацаваны вянок, ужо  нават складаюць анекдоты. А сам вянок у інтэрнэце жартаўліва празвалі “яловым монстрам”. Еўрарадыё зацікавілася, якія яшчэ кур'ёзныя відэа з удзелам кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў, сталі самымі папулярнымі ў сеціве. 

Больш за мільён васемсот праглядаў сабраў у інтэрнэце ролік з саміта Расія-Еўрасаюз. На ім Уладзімір Пуцін параіў французскаму журналісту зрабіць абразанне ў адказ на крытыку вайны ў Чачні.

Уладзімір Пуцін: “Калі вы хочаце ўжо зусім стаць ісламскім радыкалам і гатовыя пайсці на тое, каб зрабіць сабе абразанне. У нас ёсць спецыялісты і па гэтым пытанні. І я парэкамендую ім зрабіць гэта такім чынам, каб у вас там нічога ўжо не вырасла”.




Пасля такога каментара ў зале запанавала цішыня, уражаныя ўдзельнікі саміта нават не ведалі, што і сказаць. 

Аднак звычайныя інтэрнэт-карыстальнікі былі здзіўленыя не менш, калі пашукавікі пачалі выдаваць ім, што “Пуцін – краб”. Пытанне “чаму” было адным з самых задаваных у сеціве.

Версій на гэты конт паўстала сапраўды шмат, але найбольш верагодная звязана з выказваннем самога расійскага прэм'ера.

Уладзімір Пуцін: “Усе гэтыя восем гадоў я араў як раб на галерах, з раніцы і да ночы”.



Нехта пераблытаў слова “раб” і “краб”, і адсюль пачалася неразбярыха. А сам відэаролік з гэтым і іншымі не менш цікавымі афарызмамі Пуціна сабраў каля паўмільёна гледачоў. 

Засвяціўся на You tube і прэзідэнт Дзмітры Мядзведзеў. Падчас яго візіту ў Сірыю 10 траўня мясцовы аркестр не трапляў у ноты расійскага гімна. Але сам Мядзведзеў не падаў нават віду. А вось сотні тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў дастойна ацанілі музычную какафонію.



Расійскія кіраўнікі разам з украінскімі палітыкамі засвяціліся і на іншым кур’ёзным відэа. На ім Віктар Януковіч падчас параду частуе расійскіх калегаў ці то цукеркамі ці то семачкамі.


 
Аднак па папулярнасці ў сеціве расійскіх кіраўнікоў значна абышоў французскі прэзідэнт Нікаля Сарказі. Відэа з удзелам яго і ягонай жонкі збіраюць некалькі мільённую аўдыторыю. 

Напрыклад, у 2008 годзе, калі Нікаля Сарказі перад адкрыццём Салона сельскай гаспадаркі ў Парыжы праходзіў праз натоўп людзей і вітаўся з імі за рукі, адзін са старэйшых мужчынаў сказаў яму: “Не чапай мяне!”. Нікаля Сарказі назваў яго “г…нюком” і папрасіў замаўчаць. Вынік – амаль 12 мільёнаў праглядаў на You Tube.



Зоркай інтэрнэт-відэа можна смела прызнаць і мінулага прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі Гордана Браўна. Ён забыўся выключыць мікрафон пасля сустрэчы, а на вуліцы да яго прычапілася пенсіянерка. Раздражнёны Браўн ужо ў машыне назваў яе “казой”, але запіс з уключанага мікрафона патрапіў інтэрнэт. У розных версіях яго прагледзела некалькі сотняў тысяч чалавек. А самому Гордану Браўну засталося толькі прасіць прабачэння.



Гордан Браўн: “Я разбіраўся з пытаннем, якое яна ўзняла, але выказацца ў мяне не было магчымасці, бо вакол стаяла шмат прэсы. Але вядома ж я прашу прабачэння, калі сказаў нешта крыўднае. Я б ніколі не зрабіў гэтага спецыяльна, ніколі б не назваў так жанчыну. Насамрэч гэта пытанне эміграцыі мяне так раздражніла”.

А вось беларускі кіраўнік не мае столькі гледачоў у інтэрнэце. Самае папулярнае відэа з яго удзелам на You Tube сабрала каля 90 тысяч праглядаў. На ім Аляксандр Лукашэнка абвінавачвае дзяржаўнае тэлебачанне ў хлусні. Праўда запісаны ролік быў яшчэ ў 1994 годзе.

Аляксандр Лукашэнка: “Ведаеце, сродкі масавай інфармацыі павінны быць розныя. Павінны быць дзяржаўныя, недзяржаўныя. Але тое, што цяпер адбываецца на дзяржаўным тэлебачанні, хлусня ідзе, адна хлусня! Я зноў да не хачу папракаць журналістаў, якія там працуюць.  Яны проста задаўленыя. ”




На другім месцы па папулярнасці фрагмент з фільма “Звычайны прэзідэнт” у розных версіях, дзе Аляксандр Лукашэнка разважае пра Гітлера. Не менш папулярнае за яго і інтэрв’ю беларускага кіраўніка ў плаўках аргентынскаму журналісту. Крыху саступае гэтаму роліку прызнанне беларускага прэзідэнта ў фальсіфікацыі выбараў у 2006 годзе. 

Аляксандр Лукашэнка: “За прэзідэнта Лукашэнку прагаласавала 93,5%. Але кажуць, што гэта не еўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 83%”.




Відэа: You Tube, фота vesti.md

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі